У сталіцы праходзіць апошняя падрыхтоўка да свята

1 июля 2013

Самыя значныя і яркія моманты ў рэпартажы Аляксандра Хараўца. Калі гаварыць спартыўнымі тэрмінамі, то святкаванні Дня Незалежнасці ў сталіцы ўжо стартавалі. Напярэдадні, у суботу, па праспекце Пераможцаў не дзеля рэкордаў і перамог, а хутчэй дзеля задавальнення беглі разам і прафесійныя спартсмены, і журналісты, і проста неабыякавыя да гэтага віду спорту мінчане. Крос табе, Беларусь, прысвячаецца! 3 ліпеня самай спартыўнай святочнай пляцоўкай стане раён Палаца спорту. Тут абяцаюць і сілавы экстрым у выкананні прафесіяналаў, і дзясяткі конкурсаў для гледачоў. І гэта толькі адна з крэатыўных задумак арганізатараў. Усяго ж у Мінску Дзень Незалежнасці будуць святкаваць адначасова на паўсотні пляцовак. Будзе не толькі на што паглядзець, але і чым падсілкавацца. Цэны, між іншым, таксама святочныя.


Сяргей Хільман, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалогіі Мінскага гарвыканкама: Дадаткова будуць усталяваныя летнія кафэ і дадатковыя месцы, дзе гандлёвыя надбаўкі будуць мінімальныя.


Мінімальнымі будуць і памылкі ў прагнозе надвор'я. Сіноптыкі абяцаюць: калі дажджы і будуць у гэты дзень, то толькі летнія і зусім ненадоўга.


Дзмітрый Рабаў, начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра: Надвор'е будзе даволі камфортнае, без спякоты. Тэмпература днём да 25 градусаў і камфортная для такіх мерапрыемстваў. Пры гэтым з верагоднасцю 40 % не выключаныя невялікія летнія дажджы.


Але нават яны не стануць перашкодай для ваеннага парада і спартыўна-маладзёжнага шэсця. Следам за вайскоўцамі і легендарнай тэхнікай па праспекце Пераможцаў сёлета пройдуць каля дзвюх тысяч маладых спартсменаў. І, вядома, авіяшоу. Як звычайна, прыгожа і кожны год нешта новае.


Адзінае, аб чым просяць беларусаў праваахоўнікі, - займаць месцы гледачоў, асабліва ў раёне стэлы, загадзя. Гэта датычыцца і ваеннага парада, і салюту.


Роўна а дзявятай гадзіне вечара на пляцоўцы каля стэлы Мінск - горад-герой пачнецца святочны гала-канцэрт Квітней, мая Беларусь з удзелам папулярных айчынных артыстаў. Кульмінацыяй свята стане акцыя Праспяваем гімн разам і святочны салют. Ён пачнецца роўна ў 23 гадзіны. 30 залпаў, 10 хвілін уражанняў. І самыя яркія эмоцыі.


Анатоль Грыцаў, ваенны камендант ваеннай камендатуры Узброеных Сіл Беларусі: Колеравая гама будзе вельмі розная, тым больш што пад фанаграму мы пастараемся выставіць салют эпізодамі дзесьці больш блакітнага і фіялетавага колераў, дзесьці жоўтага.


І ўсю гэтую прыгажосць можна будзе ўбачыць практычна ў кожным кутку Мінска. Салютаваць сёлета будуць адначасова ў шасці раёнах святочнай сталіцы.