У Магілёве ўсклалі кветкі ля Вечнага агню на плошчы Славы

9 мая 2017

На сувязі Магілёў. Тут атмасферу свята дапоўнілі ўрачысты марш і шэсце ветэранаў. І, вядома, у знак падзякі героям за мірнае неба - ускладанне кветак ля Вечнага агню на плошчы Славы. Чым яшчэ запомніцца Дзень Перамогі ў Магілёве? Сваімі эмоцыямі са сталіцай падзеліцца Андрэй Ястрабаў (прамое ўключэнне).

Добры дзень. Магілёў віншуе ўсіх са святам! Сёння ў горадзе, мабыць, няма ні аднаго парку або канцэртнай пляцоўкі, дзе б у гэтыя хвіліны не разгарнулася народнае гулянне.

Галоўныя героі сёння, вядома ж, ветэраны. Для іх парад ваеннай тэхнікі, святочнае шэсце, словы падзякі і кветкі. Далучыўся сёння Магілёў і да акцыі "Беларусь памятае". З фатаграфіямі родных, загінуўшых за вызваленне краіны, прыйшлі іх унукі і праўнукі.

Цэнтрам свята ў горадзе стала плошча Славы, дзе ўшанаваныя імёны герояў вайны і тых, хто аднаўляў Магілёў у пасляваенныя гады. Кветкі да абеліска леглі ад ветэранаў, кіраўніцтва вобласці, працоўных калектываў і моладзевых арганізацый.

Зараз свята працягваецца. Сапраўдная салдацкая паляна разгарнулася ў Пячэрскім лесапарку. Гучаць франтавыя песні пад гармонік. І, вядома, частуюць салдацкай кашай.