У Мінскай абласной радзільні нованароджаныя атрымалі ў падарунак распашонкі з нацыянальным арнаментам

26 июня 2018

Амаль тры дзясяткі малых, якія з'явіліся на свет у Мінскай абласной радзільні, атрымалі ў падарунак распашонкі і футболкі з нацыянальным арнаментам. Так урачы і арганізатары акцыі - Беларускі саюз моладзі - вырашылі павіншаваць маці з прыбыткам у сямействе. Модныя абноўкі бацькі змогуць атрымаць яшчэ і ў загсе падчас рэгістрацыі свайго малога. Акцыя прымеркаваная да Дня Незалежнасці і завершыцца 5 ліпеня.

Дзмітрый Варанюк, першы сакратар ЦК БРСМ: "Гэтая ідэя нарадзілася разам з ідэяй па дні вышыванкі. Таму што мы лічым, што арнамент, які намаляваны на нашым сцягу, гэта ўнікальны код. Ён нясе абарону нашых продкаў і можа па праве лічыцца абярэгам для малых і абярэгам для беларусаў. Жадаем, каб дзеці выраслі сапраўднымі патрыётамі, каб гэтая сувязь з нашымі продкамі, з нацыянальнымі традыцыямі і культурай, заўсёды заставалася і праходзіла ніткай, каб мы былі адзінай краінай".

Валанцёры руху "Добрае сэрца" павіншавалі напярэдадні Дня Незалежнасці і маладых маці ў Магілёве. З пачатку года тут з'явіліся на свет амаль тысяча трыста маленькіх беларусаў! Кранальная акцыя ахопіць усе радзільныя аддзяленні рэгіёна - у тым ліку Бабруйска, Клімавіч і Мсціслава.