У мінскім кафэ зараз афіцыйна можна з'яўляцца разам з сабакамі

18 мая 2017

Паабедаць са сваім гадаванцам зараз можна не толькі дома. У адным з мінскіх кафэ зараз афіцыйна можна з'яўляцца разам з сабакамі. А вось выгульваць чатырохногага не заўсёды атрымліваецца паводле закона. Каб выйсці на вуліцу, кожнаму сабаку неабходныя наморднік і павадок, а гаспадарам - аднаразовыя пакецікі і, вядома, выхаваныя гадаванцы. А з нядаўніх часоў пры такіх умовах сабаку можна ўзяць з сабою нават на працу.

Расказвае Юлія Грызунт: Белка, Север і Лакі, можна сказаць, сябры дзяцінства. Дзякуючы ім пазнаёміліся і гаспадары, якія сутыкнуліся з агульнай праблемай: выгульваць гадаванцаў няма дзе, суседзі незадаволеныя, калі чатырохногія гуляюць проста ў двары, а спецыяльнае месца для выгулу да нядаўніх часоў больш нагадвала ржавую клетку паміж дамамі.

Сабачых панадворкаў у сталіцы 49, гэта значыць некалькі ў кожным раёне. Прычым каля дамоў іх не можа быць апрыёры, паводле правіл, яны павінны знаходзіцца за 40 метраў ад жылых будынкаў.

Наталля Шаўчэня, галоўны спецыяліст аддзела Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі: "На тэрыторыях пры дамах і дзіцячых пляцоўках выгул сабак катэгарычна забаронены, але, вядома, калі сабака выбег на зялёную зону, і так здарылася, што не датрываў ён да месца, і жыхар за ім прыбярэ, вядома, штраф ніхто накладаць не будзе".

У адваротным выпадку - штраф памерам ад адной да пятнаццаці базавых велічынь. Таксама штраф прадугледжаны для гаспадароў, якія выгульваюць сабак без павадка і намордніка. Паслабленне ў дачыненні да наморднікаў дапушчаецца для шчанюкоў да трох месяцаў і дэкаратыўных сабак вышынёй у карку менш за 25 сантыметраў.

Для выхаваных гадаванцаў у Мінску з'явілася першае кафэ, куды афіцыйна можна прыйсці разам са сваім чатырохногім сябрам, акрамя таго тут яму нальюць вады і прапануюць міску з кормам.

Наталля Жукава, намміністра аховы здароўя Беларусі, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач: "Такога патрабавання, як адсутнасць або недапушчэнне жывёлін, не было ні ў адных санітарных правілах, якія дзейнічаюць на тэрыторыі РБ. Больш за тое, у нас у Мінску існавалі і існуюць рэстараны, дзе ў зале прысутнічаюць птушкі, жывёліны і з'яўляюцца часткай інтэр'еру".

Вядома, паводле правіл, ні наведвальнікам кафэ, ні тым больш жывёлам нельга захадзіць на кухню. Ну, а ці можна знаходзіцца ў зале з гадаванцамі, вырашае толькі гаспадар установы.

Дарэчы, у Еўропе сёння складаней знайсці кафэ, куды нельга захадзіць з чатырохногімі. У Беларусі пакуль што, перад тым як выбраць установу, трэба загадзя патэлефанаваць і даведацца, ці пусцяць туды з сабакам.

У планах на гэты год яшчэ як мінімум 10 устаноў, куды можна будзе прыйсці са сваім гадаванцам, наступны крок - сабачы офіс. Налепка "дог фрэндлі" ўжо з'явілася на дзвярах аднаго з беларускіх рэкламных агенцтваў.

Хутка ў Беларусі з'явіцца партал, дзе можна будзе знайсці ўсе сабачыя кафэ, месцы для выгулу, пляцоўкі і акцыі, прысвечаныя чатырохногім сябрам.