ў Мінску завяршаецца апошняя падрыхтоўка да свята

2 июля 2013

Заўтра ў 11 раніцы тысячы мінчан і гасцей сталіцы стануць відавочцамі грандыёзнай падзеі - ваеннага парада, авіяшоу і маладзёжна-спартыўнага шэсця. У гэтыя хвіліны ў Мінску завяршаецца апошняя падрыхтоўка да свята.


Якім яно будзе? Дэталі - у Аляксандра Савенкі. Як толькі на праспект Машэрава выедуць дзве парадныя Чайкі - гэта і стане пунктам адліку святкавання Дня Незалежнасці. Традыцыйнае ўра! услед будзе камандай да пачатку ваеннага парада.


Яны ідуць першымі. Сувораўцы - самыя юныя ўдзельнікі - задаюць тэмп усёй калоне.


Згодна з падлікамі вайскоўцаў, увесь парад прадоўжыцца каля 40 хвілін. За гэты час на галоўным пляцы краіны пройдзе каля 3 тысяч байцоў. Далей справа тэхнікі. Першымі праедуць легендарныя ветэраны: танкі БТ-7, Т-34, самаходка СУ-100 і кацюша. Механічны парадны разлік расцягваецца на паўтара кіламетра. У калоне 150 баявых машын: Штурмы, Смерчы. І, вядома, гонар беларускай сістэмы СПА - комплексы С-300 і знакамітыя Тор-М2.


Услед за наземнай часткай - парад паветраны. Су-25, МіГ-29, верталёты Мі-8 і Мі-24. Асаблівае відовішча - тандэм самалёта Іл-76 і пілатажнай групы Белая Русь. Адметнасць - вышэйшы пілатаж. Усяго ў парадзе прымуць удзел 30 нябесных машын.


Далей праспект атакуюць самыя няўрымслівыя беларусы - спартыўная эліта краіны. Алімпійскае шэсце ў духу карнавалу. Толькі ў якасці фону - больш за тысячу маладых людзей.


А вечарам неба сталіцы расфарбуе святочны салют. Пункты, дзе можна са сваёй сям'ёй і сябрамі палюбавацца яркім відовішчам, на вашых экранах. У раёнах масавых гулянняў могуць узнікнуць цяжкасці з аўтамабільным трафікам. Нагадаю, за пяць хвілін да 11 вечара стартуе акцыя Праспяваем гімн разам, а адразу пасля гэтага пачнецца 10-хвіліннае вогненнае шоу. Дарэчы, да бяспекі людзі ў пагонах падышлі вельмі строга і паабяцалі, што ўсё пройдзе без якіх-небудзь эксцэсаў.


У сувязі з святам рух у Мінску будзе часова абмежаваны. ДАІ просіць вадзіцеляў з разуменнем аднесціся да абмежаванняў і загадзя планаваць іншы маршрут.