Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам і гасцям чэмпіянату свету па хакеі

8 мая 2014

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам і гасцям чэмпіянату свету па хакеі з шайбай 2014 года ў Мінску.


Кіраўнік дзяржавы адзначыў сімвалічнасць таго факта, што адкрыццё 9 мая ў горадзе-героі Мінску 78-га чэмпіянату свету па хакеі з шайбай пройдзе ў знамянальны для Рэспублікі Беларусь Дзень Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.


На турнір прыехалі самыя моцныя зборныя планеты, каб у напружаных спартыўных паядынках на лядовых арэнах вызначыць чэмпіёна, і тыя, хто самааддана балее за свае каманды і падзяляе з імі радасць перамог і горыч паражэнняў. Мы шчыра спадзяёмся, што многія балельшчыкі палюбяць Беларусь і знойдуць тут новых добрых сяброў, - гаворыцца ў прывітанні.


Прэзідэнт адзначыў, што спорт як форма народнай дыпламатыі адкрывае шырокія шляхі для збліжэння розных краін, а захапляючае відовішча хакейных баталій без лішніх слоў зразумелае і даступнае кожнаму, хто захоплены гэтай калектыўнай гульнёй . Аляксандр Лукашэнка заклікаў балельшчыкаў дружна падтрымаць сваіх куміраў на турніры мацнейшых зборных.


Перакананы, што чэмпіянат свету ў Мінску ўвойдзе ў спартыўную гісторыю, а госці атрымаюць задавальненне ад наведвання Беларусі, сустрэч з нашымі людзьмі і, галоўнае, ад гульні любімай каманды, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.


Прэзідэнт пажадаў удзельнікам лядовых бітваў добрага настрою, сумленнай барацьбы і ўдачы ў хакейных паядынках.