У Мінску птушкі разбіваюцца аб шкляныя фасады будынкаў

24 сентября 2019

Гэтай восенню пачасціліся выпадкі гібелі птушак, якія разбіваюцца аб люстраныя фасады. Арнітолагі тлумачаць: зараз надышоў сезон міграцыі пералётных птушак. Яны ляцяць у вырай і – на жаль - не заўважаюць жыццёва небяспечных перашкод. Паводле падлікаў спецыялістаў, штогод у нашай краіне ў падобных акалічнасцях  гіне больш як паўтара мільёна птушыных. На шкло часцей натыкаюцца сініцы, дразды, малінаўкі і гракі. Каб захаваць ім жыццё, арнітолагі прыдумляюць розныя лайфхакі. Надзея Сербіненка разбіралася ў птушыным пытанні.

Усяго за сорак хвілін гэтыя юныя натуралісты могуць налічыць больш за пятнаццаць відаў гарадскіх птушак. Проста са школьнага лужка. Клуб арнітолагаў-пачаткоўцаў вядзе Руслан Шайкін. Ён жа распавядае дзецям усё пра птушак: дзе можна ўбачыць, як адрозніць і як усцерагчы. 

Гэтай восенню выпадкі, калі дворнікі і самі жыхары знаходзяць пад вокнамі мёртвых птушак, пачасціліся. Звязана гэта з пачаткам сезоннай міграцыі. Пералётныя птушкі ляцяць у вырай і не заўважаюць перашкод, небяспечных для жыцця.
 
Найбольшую небяспеку для птушак уяўляюць якраз вось такія фасады вышынных будынкаў - з люстраной або празрыстай паверхняй. Птушкі проста не бачаць перашкоды, з панталыку іх збівае і ўласнае адлюстраванне ў акне. У выніку птушкі ўразаюцца ў паверхню і ў большасці выпадкаў гінуць на месцы. 
Іх і напраўду шкада. Таму заўзятыя абаронцы птушак прыдумалі некалькі рабочых метадаў. 
Жыхары звычайных дамоў могуць выратаваць птушак, проста завесіўшы свае фіранкі. Таксама акно можна пазначыць ультрафіялетавым маркерам. 

А вось яшчэ адзін спосаб выратаваць птушцы жыццё. На празрыстую паверхню можна наклеіць выяву драпежніка. Напрыклад, сокала. Для невялікіх птушак гэта папярэджанне аб пагрозе для жыцця. Такія месцы яны дакладна абляцяць. 

Фіксаваліся выпадкі, калі ля адной празрыстай агароджы пад Мінскам знаходзілі больш за сто мёртвых амялушак. Гібель птушак - сапраўдная трагедыя для арнітолагаў.

Скараціць колькасць птушыных ахвяр рэальна. У дапамогу - парады ад арнітолагаў і вопыт іншых сталіц свету, дзе з птушкамі навучыліся жыць у адным гарадскім асяроддзі.