У Мінску віншавалі жанчын, якія сталі матулямі ў дзень Нараджэння Хрыстовага

9 января 2024

Найкаштоўнейшы падарунак на Каляды - шчасце бацькоўства! У гэты святочны перыяд асаблівай ўвагай, клопатам і пяшчотай атуляюць жанчын, якія сталі матулямі 7 студзеня, у свята Нараджэння Хрыстовага. Толькі ў сталічным раддоме 1-й гарадской клінічнай бальніцы на Каляды на свет з'явіліся 8 немаўлят. Цёплыя словы, шчырыя пажаданні і падарункі для матуль і нованароджаных падрыхтавалі прадстаўнікі Беларускага саюза жанчын і грамадскага аб'яднання "Белая Русь".

Хтосьці ў светлае свята спазнаў радасць бацькоўства ўпершыню, а для некаторых пар з гэтым папаўненнем сям’я змяніла статус і стала шматдзетнай. Дарэчы, сёлета ў раддоме 1-й бальніцы Мінска нарадзілася больш хлопчыкаў - іх 5 - і 3 дзяўчынкі. Словы падзякі гучалі і ў адрас урачоў, якія дзяжурылі ў гэты святочны дзень і дапамаглі з'явіцца на свет немаўлятам.

Матулі з немаўлятамі адчуваюць сябе добра і ўжо рыхтуюцца да выпіскі. Цяпер Калядная зорка ў гэтых сем'ях будзе ззяць ярчэй і нагадваць пра сапраўдны цуд.