У Мінску пачалі мантаж навагодніх ёлак сталіцы

18 ноября 2017

Сёлета галоўны сімвал Новага года з'явіцца на 27 пляцоўках. Галоўную ж па традыцыі ўсталююць на Кастрычніцкай плошчы. Яе вышыня складзе больш як 33 метры. У цэлым у горадзе ўжо адчуваецца святочная атмасфера: вітрыны некаторых магазінаў ужо ўпрыгожаныя, а аддзелы з навагоднімі цацкамі і падарункамі становяцца самымі наведвальнымі. Антаніна Станкевіч першай даведалася, як зменіцца горад ужо ў найбліжэйшыя дні.

Цяжкія, але дасканалыя металаканструкцыі, надзейныя балты і шрубы - пакуль што будучы навагодні сімвал выглядае не вельмі прывабна. Але гэта часова. На наступным этапе металічны каркас упрыгожаць іглічнымі лапкамі, а пасля з'явяцца цацкі, святлодынамічныя канструкцыі і гірлянды. Навагоднія дрэвы з'явяцца на 27 пляцоўках. Ужо да 15 снежня ўсё павінна быць гатова, таму працы пачынаюцца яшчэ восенню.

33 метры над узроўнем Кастрычніцкай плошчы - менавіта ў цэнтры горада па традыцыі ўсталююць галоўную ёлку краіны. Сёлета яе ўпрыгожаць не толькі традыцыйныя шкляныя шары, але і святлодынамічныя ўпрыгажэнні. Па сутнасці, гэта канструктар з паетак, якія "іграюць" пры дзённым асвятленні, і плоскімі цацкамі. Для афармлення галоўнага сімвала Новага года выбралі халодныя зімовыя адценні з украпваннямі чырвонага, зялёнага і жоўтага.

У гэтым аддзеле таксама кіпіць праца. За паўтары тыдні швачкам трэба пашыць амаль восем тысяч разнаколерных флажкоў. Невялікія шматкі - прыкладна 40 на 40 сантыметраў - гэта будучы габелен на будынку педагагічнага ўніверсітэта. Сінія, зялёныя, бардовыя - усяго 12 адценняў і колераў: дэталі створаць палатно з выявамі сталіцы.

Перагледзець літаральна кожную лямпачку да 15 снежня - на прадпрыемстве Мінгарсвятло таксама актыўна рыхтуюцца да Новага года. Хоць праца тут пачалася яшчэ 1 студзеня - жартуюць майстры і інжынеры. Разнаколерныя гірлянды, страбаскапічныя лямпы, дыёдныя стужкі - поўную ілюмінацыю ў Мінску ўключаць у ноч з 24 на 25 снежня.

Перадсвяточную атмасферу ўжо ствараюць і ў іншых грамадскіх месцах. Самымі папулярнымі ў буйных магазінах і гандлёвых цэнтрах становяцца аддзелы з навагоднімі цацкамі, сувенірамі і падарункамі. А вітрыны магазінаў нагадваюць прахожым пра тое, што хутка Новы год.