У Клецкім раёне дзеці здымаюць кіно

3 декабря 2019
Асновы рэжысёрскага і аператарскага майстэрства вывучаюць у медыяцэнтры  Рассветаўскай сярэдняй школы. Выкладчыкі знаёмяць школьнікаў з правіламі відэаздымкі і мантажу на тэарэтычных занятках. У якасці практыкі - стварэнне міні-фільмаў пра школу і свой раён. 

Для рэалізацыі творчых праектаў у вучняў ёсць усё неабходнае: праграмнае забеспячэнне, відэакамеры і нават квадракоптар.  Расказвае Ілья Цвяткоў.

З усіх школьных прадметаў Дар'і Горбач лепш за ўсё даюцца дакладныя дысцыпліны. Атрыманыя веды прымяняе на ўроках праграмавання. І не толькі! Любімае хобі школьніцы - рабіць сваё кіно. Кожны месяц Дар'я з аднакласнікамі рыхтуе відэадайджэст самых цікавых падзей у жыцці школы. Працуюць па групах - здымаюць матэрыял хлопцы, а сцэнарый і мантаж  на дзяўчатах. 

Медыяцэнтру ў Рассветаўскай школе Клецкага раёна сёлета  спаўняецца 10 гадоў. Дырэктар школы Сяргей Дубман прызнаецца:  адкрывалі факультатыў у якасці эксперыменту. Вынік  станоўчы. Сёння ў цэнтры кіпіць творчая праца шэсць дзён на тыдзень. Свае сілы ў кінематографе спрабуюць школьнікі з усяго раёна. 

Школьнікі спрабуюць сябе ў ролі сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў і відэаінжынераў. Для рэалізацыі ідэй  ёсць усё неабходнае абсталяванне. 

Акрамя паўпрафесійных камер і спецыяльных праграм для мантажу відэа, на базе школы ёсць нават дрон – для таго, каб здымаць з усіх ракурсаў. 

Свае работы вучні размяшчаюць на сайце школы і ў сацыяльных сетках. Туды ж загружаюць і відэаўрокі ад выкладчыкаў па ўсіх прадметах праграмы - для тых, хто прапусціў заняткі. 

Лепшыя міні-фільмы, кліпы і нават выпускі відэаблогаў вучняў Рассветаўскай школы штогод займаюць прызы на рэспубліканскіх конкурсах аматарскага кіно. У гэтым годзе 15  фільмаў ужо адправіліся на форум у Полацк. Вынікі конкурсу будуць вядомыя ў найбліжэйшыя дні.