Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па эпідэміялагічнай сітуацыі ў Беларусі

19 марта 2020
Эпідэміялагічная сітуацыя ў Беларусі: хваля сезонных інфекцый і сістэмныя меры па барацьбе з каранавірусам сёння абмяркоўвалі на нарадзе ў Палацы Незалежнасці. Да размовы аб выпрацоўцы прагнозаў і дакладнага плана дзеянняў Аляксандр Лукашэнка падключыў не толькі кіруючых асоб Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета бяспекі і Міністэрства аховы здароўя, але і ўрачоў-практыкаў: эпідэміёлагаў і вірусолагаў. У практыцы Кіраўніка дзяржавы  выслухоўваць меркаванне спецыялістаў, навукоўцаў, даследчыкаў, якія валодаюць інфармацыяй і ведаюць, як паступіць. Улічваючы, што многія дзяржавы закрылі свае межы для іншаземцаў, Прэзідэнт даручыў зрабіць усё, каб нашы грамадзяне змаглі апынуцца дома ўжо ў  найбліжэйшы час. Працягваецца актыўнае назіранне за тымі, хто прыбыў з небяспечных па эпідэміі краін. Створаны неабходны запас лекаў. Ахоўных касцюмаў і сродкаў індывідуальнай абароны, як і айчынных тэст-сістэм на вызначэнне інфекцыі, дастаткова. Прэзідэнт таксама даручыў наладзіць вытворчасць айчынных рэспіратараў. 

Не варта забываць, што вясна традыцыйна і час піка сезонных інфекцый - ВРВІ і грыпу. Таму Кіраўніка дзяржавы цікавіла, як усе структуры будуць працаваць далей, каб хворых было менш і ўсе яны выздаравелі. Урачы і адпаведныя службы робяць усё неабходнае, і кантроль слабець не будзе. Галоўнае ва ўсіх сэнсах падыходзіць да сітуацыі разумна: без панікі. Што датычыцца мяжы, то арганізуюць так званыя зялёныя калідоры для велікагрузаў, якія едуць транзітам цераз Беларусь. Вызначаны месцы, дзе яны могуць спыняцца для запраўкі, адпачынку і харчавання, а таксама санітарна-кантрольныя пункты. У Мінску з-за каранавіруса зменяць расклад грамадскага транспарту і пачатак заняткаў у ВНУ, каб падзяліць патокі пасажыраў, якія едуць на працу і вучобу. Татальнага каранціну ў краіне ўводзіць не будуць, Кіраўнік дзяржавы аргументаваў сваё меркаванне на гэты конт. 

Па выніках нарады спецыялісты распавялі, як ідзе абмен інфармацыяй з замежнымі калегамі, як зараз сябе адчуваюць пацыенты, у якіх пацвердзіўся дыягназ “каранавірус”,  наколькі эфектыўна працуе беларуская сістэма аховы здароўя.

Сёння гучалі меркаванні розных спецыялістаў-практыкаў. Усе іх ініцыятывы Кіраўнік дзяржавы падтрымаў. Сярод самых папулярных рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя - асабістая гігіена, кожны чалавек павінен разумець адказнасць, клапаціцца пра сябе і сваіх блізкіх. Калі ёсць магчымасць пабыць у самаізаляцыі, асабліва гэта датычыцца людзей пажылога ўзросту, то  варта так і зрабіць.