У гарадскім пасёлку Гарадзея прайшоў дабрачынны фестываль

25 мая 2019

Напярэдадні Дня абароны дзяцей у гарадскім пасёлку Гарадзея прайшоў дабрачынны фестываль для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Дапамагчы дзецям у выбары будучай прафесіі сабраліся сотні неабыякавых. Бо падарыць клопат і цяпло тым, каму гэта неабходна, пад сілу кожнаму з нас. Аб тым, як выхаванцы дома-інтэрната атрымалі карысныя веды, раскажа Яўген Калаўр.

Знайсці сваё месца ў жыцці і навучыцца чамусьці новаму -  вось галоўная мэта праекта "Дорым прафесію". Сёння для таго,  каб падтрымаць творчы пачатак у кожным дзіцяці, на спартыўным  полі школы-інтэрната ў гарадскім пасёлку Гарадзея сабраліся больш як 200 валанцёраў. Госці прапанавалі дзецям творчыя майстар-класы.  Напрыклад, Таццяна - прафесійны мастак, аднак дзяцей яна навучае плесці саломкай. Гаворыць - гэта развівае ў дзіцяці творчае мысленне.

Правільна працаваць малатком, ствараць мудрагелістыя ўзоры з цвікоў і  ніткі. На майстар-класе па мастацтве стрынг-арт выхаванцы дома-інтэрната маглі адчуць сябе сапраўднымі мастакамі, аднак карціны яны выраблялі вельмі незвычайным  спосабам.

Самастойна сшыць сумачку,  навучыцца аказваць першую медыцынскую дапамогу, прайсці незвычайны квэст па пошуку схаваных прадметаў альбо наведаць сапраўдны майстар-клас візажу,  а выкладае яго Святлана - дзяўчына-бізнесвумен. І хай графік пастаянна шчыльны, для дзяцей у яе заўсёды знойдзецца час.

Сёння ў школе-інтэрнаце дзяцей навучаюць па прафесіях швачка, сталяр, садоўнік, гароднінавод. Арганізоўваць падобныя мерапрыемствы з майстар-класамі  дапамагае кампанія "Ф-Аўто". У рамках праекта "Дорым прафесію" установы адукацыі і партнёры плануюць адрамантаваць цяпліцу, а таксама арганізаваць дзецям наведванне непасрэдна рабочых месцаў. 

Аднак ужо сёння шматлікія выхаванцы школы-інтэрната дакладна ведаюць, кім жадаюць стаць у будучыні.

Для таго каб даць выхаванцам раскрыцца і ў спартыўнай тэматыцы,  арганізатары форуму правялі сапраўдны футбольны матч.

Прыняць удзел у праекце "Дорым прафесію"  можа любы ахвочы. Для гэтага дастаткова выявіць ініцыятыву.  Калі вы ўмееце якасна шыць, добра танцаваць або проста смачна гатаваць, падзяліцца сваімі ўменнямі  можна з тымі, каму гэта сапраўды трэба. Бо, як гаворыцца, настаўнік працягваецца ў сваім вучні.