У Чэрвені адкрылі новую майстэрню разьбы па дрэве

19 октября 2017

Такім чынам дзецям прапаноўваюць рэалізаваць свой патэнцыял праз заняткі творчасцю. Ідэя стварыць такі гурток з'явілася падчас конкурсу, які правялі сумесна з праграмай развіцця ААН у Беларусі. Займацца разьбой будуць школьнікі розных узростаў, а таксама дзеці з абмежаванымі магчымасцямі. Больш падрабязна - Антаніна Станкевіч.

12-гадовы Мікіта спраўляецца з пілой і стамескай, як сапраўдны дарослы майстар. Зараз хлопчык выразае елку – гэта будзе конкурсная работа. Справа нялёгкая – патрабуе пэўнай дакладнасці, акуратнасці і асцярожнасці. Аднак праз некаторы час, упэўнены хлопчык, атрымаецца маленькі драўляны шэдэўр.

Сёння тут займаюцца дзеці ўсіх узростаў, не толькі хлопчыкі. Здавалася б, з выключна мужчынскай справай нядрэнна спраўляюцца і некалькі дзяўчынак. Вопытны педагог і майстар сваёй апантанасцю натхняе і вучняў.

Сяргей Клес (пра такіх кажуць: малады і перспектыўны) сапраўды з тых, хто шчыра ўлюбёны ў сваю справу. Пад кіраўніцтвам майстра вучні робяць не толькі падарункі для сваіх блізкіх і прыгожыя статуэткі для дома, але і складаныя рэчы, якія вартыя рэспубліканскіх конкурсаў.

Майстар не толькі навучае азам разьбы, але яшчэ і пільна сочыць за тэхнікай бяспекі. У гэты пакой дзецям уваход забаронены: тут педагог можа натачыць інструменты ці зрабіць драўляныя нарыхтоўкі. Навучэнцы ж працуюць толькі з піламі-нажоўкамі і стамескамі.

Майстэрня разьбы па дрэве ў Чэрвені з'явілася некалькі гадоў таму, аднак размяшчалася ў не самым прывабным памяшканні. Займацца ў такіх умовах было нязручна. Ідэя зрабіць сучасную майстэрню з найноўшым абсталяваннем перамагла ў конкурсе мясцовых ініцыятыў. Праект рэалізавалі сумесна з ПРААН. Цяпер тут могуць займацца не толькі школьнікі ўсіх узростаў, але і дзеці з пэўнымі абмежаваннямі па здароўі. Такім чынам рэалізуецца яшчэ і ідэя інклюзіі.

Адкрыццё новай майстэрні – не адзіная ініцыятыва, якую рэалізуюць у Чэрвеньскім раёне сумесна з ААН. Праз месяц тут адкрыюць музычную гасцёўню, прысвечаную кампазітару Станіславу Манюшку. Акрамя таго, распрацоўваюць карту славутасцяў мясцовасці.