У Брэсце ўжо збіраюць баклажаны. Класічная музыка спрыяльна адбіваецца на ўраджаі

21 мая 2019

Пакуль аграрыі рыхтуюць тэхніку для першых укосаў, у Брэсце ўжо збіраюць ураджай баклажанаў. Каб агародніна добра расла, у цяпліцах развесілі музычныя калонкі. На мясцовым прадпрыемстве лічаць, што класічная музыка спрыяльна адбіваецца на ўраджаі, агародніна расце больш буйной і здаровай. Ці так гэта  -  даведалася Марыя Тройніч.

Моцарт, Бетховен і Вівальдзі: у брэсцкіх цяпліцах музыка іграе не для не забавы работнікаў, гэта частка тэхналагічнага працэсу. Як сцвярджаюць аграномы, так агародніна спее лепш. Калонкі на прадпрыемстве вісяць практычна паўсюль. Больш за ўсё памідорам і баклажанам падабаецца класіка. Тое, што да вырошчвання агародніны трэба адносіцца з душой, тут ведае кожны супрацоўнік.

Таццяна Граматовіч прыйшла працаваць на прадпрыемства нядаўна, адразу пасля дэкрэтнага водпуску. І ўжо стала перадавіком вытворчасці. За мінулы год яна сабрала 50 кілаграмаў памідораў з аднаго квадратнага метра. Змяняць месца працы малады спецыяліст не збіраецца. Арганізацыя дае не толькі камфортныя ўмовы працы, але і жыллё. Паводле слоў супрацоўніцы, працаваць трэба якасна  і хутка, бо ўчастак не маленькі. 

Усяго на прадпрыемстве 23 гектары, на якіх  32 віды прадукцыі: зеляніна, агуркі, перцы, баклажаны і запатрабаваныя ў рэстаранаў памідоры чэры. 

Цяплічныя памідоры нагадваюць лес: у вышыню адна ліяна можа вырастаць да 15 метраў. Экалагічна чысты продут не апрацоўваюць. Таму яго можна есці прама з галінкі. 

Усё таму, што на прадпрыемстве выкарыстоўваюць біяабарону. Ніякай хіміі, толькі законы прыроды. На кусты садзяць мікралофусаў. Гэта вельмі маленькія жукі, якія ядуць шкодных для агародніны насякомых. Акрамя іх на штучных плантацыях жывуць чмялі. Яны дапамагаюць апыляць кветкі. За 30 гадоў працы прадпрыемства распрацавала ўнікальную тэхналогію раслінаводства. І нават атрымала на яе патэнт. 

Ураджай з брэсцкіх цяпліц палюбілі не толькі беларусы: 30 % прадукцыі адпраўляюць на еўрапейскі і расійскі рынак. За мінулы год зелянінай і агароднінай нагандлявалі на паўтара мільёна долараў. Да вялікіх аб'ёмаў тут не імкнуцца. У прыярытэце  якасць і экалагічнасць тавара.

У Беларусі патрабаванні па вырошчванні зеляніны больш жорсткія, чым у Еўрасаюзе. Напрыклад, на лістах салаты не павінна быць і слядоў ад шкодных хімікатаў. На брэсцкім камбінаце іх не выкарыстоўваюць зусім. Ураджай атрымліваюць дзякуючы разумным тэхналогіям і простым складальнікам - сонцу, паветру і вадзе.