У Брэсце на выбарчыя ўчасткі запрашалі пад гукі аркестра

11 сентября 2016

Актыўна сёння выбіралі дэпутатаў у парламент і ў Брэсцкай вобласці. У рэгіёне працавала 928 участкаў, 35 з якіх адкрыліся ў асноўны дзень галасавання. Наша здымачная група наведала некалькі ўчасткаў, у ліку якіх - закрыты, у Брэсцкім перынатальным цэнтры.

Падрабязней - Вікторыя Патоня.

Пад гукі аркестра запрашалі на выбарчыя ўчасткі ў Брэсце. Ды і само надвор'е спрыяла добраму настрою. Адным з першых свой выбар зрабіў і сярэбраны прызёр Алімпіяды-80 Барыс Ісачанка.

Барыс Ісачанка, сярэбраны прызёр Алімпіяды 1980 г. па стральбе з лука: "Мне жадалася б бачыць у нашым Нацыянальным сходзе людзей разумных, адукаваных і адказных, што самае галоўнае. Каб тое, што яны прымуць, было карысна для грамадства".

У Брэсцкай вобласці датэрмінова прагаласавалі парадку 30% выбаршчыкаў. Але большасць людзей свой выбар зрабілі сёння.

У асноўны дзень галасавання ў Брэсцкай вобласці на 35 участкаў стала больш. Да іх далучыліся так званыя "закрытыя". У іх ліку Брэсцкі радзільны дом, які штогод б'е ўласныя рэкорды па колькасці нованароджаных. А выбаршчыкі тут - выключна жанчыны.

Яшчэ да апоўдня свой выбар зрабілі каля трохсот пацыентак. Да тых, хто не змог прыйсці на ўчастак для галасавання самастойна, а гэта жанчыны пасля аперацый і мамы з малымі, участковая камісія заходзіла з пераноснай урнай у палаты.

Ірына Франюк, мама: "Я, перш за ўсё, галасавала за будучыню нашай краіны. Бо я маці ўжо дваіх дзяцей, натуральна, мяне хвалюе пытанне, як мае дзеці будуць развівацца ў нашай краіне".

48-мы выбарчы ўчастак у Брэсцкай-Памежнай акрузе сёння адкрыўся ўпершыню. Толькі сад-школа адзначыла ўваходзіны, калектыў вытрымаў яшчэ адзін важны іспыт. А тыя, хто таксама ўпершыню скарысталіся сваім правам выбару, атрымалі падарункі.