У Беларусі завяршаецца прыём заявак на конкурс журналісцкіх праектаў "Залатое пяро"

4 апреля 2017

Лепшага выберуць прафесіяналы медыясферы. Штогод у конкурсе ўдзельнічаюць каля паўсотні чалавек, пераможцаў - адразу 10.

З самымі яркімі праектамі азнаёмілася Юлія Грызунт. Лепшы цыкл прац у радыё- і тэлежурналістыцы. Год назад запаветную статуэтку ўручылі не за інтэрв'ю і нават не за расследаванне, а за гісторыю… рэчаў! "Лёс гігантаў" - 10-серыйны праект, які дазволіў тысячам гледачоў на паўгадзіны акунуцца ў атмасферу тых самых савецкіх кватэр.

Узнагароду ў скарбонку Белтэлерадыёкампаніі тады прынёс спецыяльны карэспандэнт Агенцтва тэленавін Руслан Туркоў.

Сёлета за лепшы праект пазмагаюцца працаўнікі радыёстанцыі "Мінская хваля". Іх добраахвотніцкая праграма ўжо паўтара года збірае неабыякавых і, галоўнае, працуе "за межамі студыі". Своеасаблівы дыялог тых, хто гатовы дапамагчы, з тымі, каму гэта сапраўды патрэбна.

У гэтай жа намінацыі - цыкл прац у тэлерадыёжурналістыцы - удзельнічае і Ксенія Асмалоўская. У эфіры яна ўжо больш за 20 гадоў. Нязменна галоўныя героі яе праграм - дзеці. На працягу года Ксенія распавядала пра малых з дзіцячых дамоў. І усё ж лепшая частка праграмы зноў жа за межамі экрана - з семнаццаці маленькіх герояў рубрыкі - 11 здабылі новую сям'ю. Гэты раздзел - частка вялікага праекта "Вячэрні Віцебск".

Сёлета нароўні са сцэнарыямі ўпершыню будуць разглядацца блогі. Каб паўдзельнічаць у гэтай намінацыі, як і ва ўсіх астатніх, галоўная ўмова - білет Беларускага саюза журналістаў. Штогод змагаюцца за званне лепшага ў медыясферы каля 50 чалавек.

Першае месца атрымаюць адразу 10 журналістаў па 10 намінацыях. Такое дзяленне дазваляе ахапіць усю сферу і ўсю краіну. Да прыкладу, упершыню сёлета ўручаць прэмію за стварэнне і развіццё інтэрнэт-рэсурсаў рэгіянальных СМІ.

Падаць заяўкі на ўдзел у конкурсе можна да 7 сакавіка. Пасля кожную з прац разгледзіць строгае журы, у яго складзе сапраўдныя мэтры журналістыкі. І ўжо 5 мая пераможцы атрымаюць, мабыць, самую ганаровую статуэтку і, галоўнае, прызнанне свайго пяра сапраўды залатым.