У Беларусі пашыраць катэгорыі атрымальнікаў безнаяўных жыллёвых субсідый

16 февраля 2017

Удасканаліць сістэму адраснай падтрымкі на аплату камунальных паслуг плануецца сёлета. Наконт гэтага сёння заявіў першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч. Нагадаем, зараз у краіне дзейнічае адзіны прынцып налічэння субсідый: гараджане трацяць на аплату жыллёва-камунальных паслуг больш за 20% сваіх даходаў, а жыхары сяла – больш за 15. Зараз плануецца замацаваць новыя механізмы падтрымкі і дадаткова аказваць фінансавую дапамогу асобным катэгорыям беларусаў незалежна ад іх расходаў.

Летась жыллёвымі субсідыямі для пакрыцця платы за камунальныя паслугі скарысталіся больш чым 2 тысячы сем'яў. Чакаецца, што сёлета атрымаць дапамогу зможа большая колькасць беларусаў. Дарэчы, узмацненне адраснай падтрымкі плацельшчыкаў - адна з умоў далейшай плённай працы Беларусі з Міжнародным валютным фондам.