У Беларусі кастрычнік - пік уборкі сапраўднай восеньскай ягады

14 октября 2015

На журавінных плантацыях Палесся праца пачынаецца з сямі раніцы. Трэба паспець да снягоў і замаразкаў сабраць як мага больш ураджаю. Занятак гэта доўгі, патрабуе спрыту рук і пэўных сакрэтаў. Наколькі каштоўнае "чырвонае золата" - высвятляла Вікторыя Патоня.

Гэта найбуйнейшая ў Еўропе плантацыя "чырвонага золата". У кастрычніку на плошчы больш чым 80 гектараў праца пачынаецца з сямі раніцы. Збіраюць ягаду двума спосабамі: мокрым і сухім. Ад спрыту рук напроста залежыць і заробак. Сухія ягады лепш захоўваюцца і вышэй цэняцца. Рэкардсмены за дзень збіраюць больш за 120 кілаграмаў журавін.

Гэта, бадай, самы відовішчны працэс вытворчасці журавін. Адгароджаныя ўчасткі - чэкі - заліваюць вадой. Затым трактары са спецыяльнымі насаджваннямі - хедэрамі - стрэсваюць ягады з галінак. Журавіны ўсплываюць на паверхню і сплятаюцца ў адзіны чырвоны дыван. Трактары па такім полі плывуць. Мікалай Фалько дзевяць гадоў за штурвалам. Гаворыць, ад умення кіраваць мініятурным агрэгатам, дарэчы, айчыннай вытворчасці, залежыць і якасць ураджаю.

Адлоўліваюць журавіны ў вадзе, як рыбу, - спецыяльнымі пантоннымі невадамі. Іх спецыялісты робяць самі. Ягады падцягваюць да камбайна, па транспарцёры яны трапляюць у прычэп. Максімальны ўраджай з аднаго гектара тут даходзіць да 30 тон. Усяго вырошчваюць 8 гатункаў каштоўнай ягады.

На прадпрыемстве тэхналогія вырошчвання і вытворчасці журавін адпрацаваная ў дасканаласці. Збіраюць, сартуюць, закладваюць на захоўванне. Пры тэмпературы мінус 35 ягаду падвяргаюць шокавай замарозцы. І пакуюць у спецыяльным цэху. Свежы ўраджай нярэдка сыходзіць прама з колаў. Беларускія журавіны падабаюцца жыхарам Еўропы і Расіі.

Падобныя ягадныя зборы праходзяць толькі ў ЗША, Канадзе і Чылі. Па прамысловай вытворчасці журавін Беларусь на чацвёртай пазіцыі ў свеце. Сёлета, упэўненыя спецыялісты, ураджай збяруць добры. На прадпрыемстве чакаюць даход звыш 10 мільярдаў рублёў.