У Беларусі пачалася акцыя Бяспечная кроў для выратавання маці

29 мая 2014
Менавіта пад такім дэвізам сёлета пройдзе Сусветны дзень донара. І сёння ўжо запасы крыві добраахвотна папоўнілі сотні беларусаў, сярод іх і вядомыя спартсмены.

З цэнтра трасфузіялогіі рэпартаж Паліны Іванча.

Па гэтых трубках цячэ самае каштоўнае - жыццё нечае і жыццё для кагосьці. Кожны трэці чалавек на планеце хоць бы раз мае патрэбу ў донарскай крыві. Гэта афіцыйныя лічбы. У большасці выпадкаў лік ідзе на секунды. Беларускім спартсменам сёння спатрэбілася менш як паўгадзіны, каб у будучыні выратаваць нечае жыццё.

Дзмітрый Дашчынскі, беларускі фрыстайліст, двухразовы прызёр Алімпійскіх гульняў у акрабатыцы: Рэзус адмоўны, сказалі, што даволі рэдкі, асабліва для донарства карысна, таму я падумаў, раз неабходна кроў, то трэба рабіць гэта.

Святлана Рудалава, беларуская гімнастка, удзельніца Алімпійскіх гульняў: Дзякуючы гэтаму донарству мы забіваем адразу двух зайцаў - першае, гэта мы дапамагаем людзям, якім патрэбна наша дапамога, другое, мы сабе робім добра, свайму арганізму, абнаўляем кроў.

Вадзім Дзевятоўскі, беларускі кідальнік молата, прызёр Алімпійскіх гульняў, чэмпіянату свету і Еўропы: Я ўпершыню ўдзельнічаю ў такой працэдуры. Бачыце, працэс ідзе паспяхова, бязбольна. Ведаеце, маральны складальнік ніхто не адмяняе, мы ўсе становімся багацейшымі пасля гэтага, а калі такое багацце можам зарабляць на такіх акцыях, вядома, я буду ў іх удзельнічаць.

Кожны год 160 тысяч пацыентаў у Беларусі атрымліваюць донарскую кроў. Амаль 2 мільёны беларусаў хоць бы раз у жыцці ёю дзяліліся. Сёлета Дзень донара 14 чэрвеня ў нашай краіне афарбуе слоган - Бяспечная кроў для выратавання маці. Зразумела, бязвыплатна.

Вольга Клімовіч, намеснік галоўнага ўрача па трансфузіялогіі Мінскай 6-ай клінічнай бальніцы: Штодня ў свеце 800 жанчын гіне ад ускладненняў родаў, крывацёкаў. Таму каб прыцягнуць увагу да бяспечнага донарства, да бяспечнай крыві, для таго, каб была больш высокая выжывальнасць жанчын пасля родаў, было прынята такое рашэнне.

А гэтых людзей у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій ведаюць ужо ў твар. Многія з іх дзяліліся крывёй больш за дзясятак разоў. І нават на рабочым месцы. Па новыя запасы крыві брыгада медыкаў прыязджае на гэта прадпрыемства мінімум кожны сезон.

Далучыліся да акцыі сёння і курсанты вышэйшага каледжа міліцыі - гэта Магілёў. 80 байцоў упершыню ў жыцці сталі донарамі.

475 мілілітраў - гэта стандартная еўрапейская доза, якую бяруць у донара за адзін раз. Дарэчы, здаваць кроў можна толькі тым, хто важыць не менш за 55 кілаграмаў. Жанчынам - раз на тры месяцы, мужчынам - раз на два. Менавіта столькі патрэбна на тое, каб клеткі крыві цалкам аднавіліся.

Дарэчы, рэгулярна здаваць кроў - гэта не шкодна, наадварот. Высветлілася, што донары маюць праблемы са шчытападобнай залозай утрая радзей, ды і смяротнасць ад анкалогіі ў гэтай групе на 20% ніжэйшая. У Японіі на чалавека, які не прыйшоў здаць кроў у Дзень донара, могуць не толькі коса паглядзець, але і пачаць яго цурацца. Здаваць кроў рэгулярна, а галоўнае бязвыплатна - гэта прыкмета добрага тону.