У Беларусі фарміруюць дадатковы пералік заняткаў, якія не патрабуюць рэгістрацыі ІП

21 ноября 2016

Праект указа ўжо падрыхтаваны і вынесены на грамадскае абмеркаванне. Чакаецца, што рашэнне стане прымальнай альтэрнатывай для тых беларусаў, якія займаюцца нелегальнымі работамі. Гэта дазволіць ім афіцыйна працаўладкавацца і пазбегнуць падатку на дармаедства. Якія паслугі дададуць і на якіх умовах? Раскажа Вольга Анішчанка.

Маленькая майстэрня ў цэнтры сталіцы прыносіць яе гаспадару стабільны прыбытак. Той выпадак, калі ногі кормяць. Кліент, які любіць пешыя прагулкі, у сезон вернецца сюды не раз.

Сёння бізнес па рамонце абцасаў патрабуе абавязковай дзяржрэгістрацыі. Пакуль. Профільныя міністэрствы прапануюць пашырыць пералік відаў дзейнасці, калі рэгістраваць ІП не прыйдзецца. Сёння такіх работ 18. Напрыклад, тамада або рэпетытар могуць працаваць як фізасоба. Дастаткова толькі выплачваць адзіны падатак. Магчымасцяў для самазанятасці неўзабаве стане куды больш.

Чакаецца, што новаўвядзенне закране, апроч рамонту абутку, яшчэ і рамонт гадзіннікаў, зборку мэблі, яе рамонт і аднаўленне, настройку музычных інструментаў, пагрузачныя і разгрузачныя работы, пашыў пад заказ адзення і абутку.

Зрэшты, спіс прыблізны. І, напэўна, будзе змяняцца, адзначаюць у падатковай. Бо да ўдзелу ў абмеркаванні запрошаны ўсе, хто так або інакш мае дачыненне да развіцця бізнес-руху. Прапаноў на сайце Міністэрства па падатках і зборах чакаюць да канца рабочага тыдня.

Здароўе і бяспеку кліента паставяць у аснову асноў. А таму асобным ініцыятывам адразу скажуць не. Напрыклад, паслугі па перавозцы пасажыраў у пераліку ўжо сапраўды не з'явяцца.

А вось дробныя будаўнічыя заказы - напэўна. Тынкавальныя, малярныя, шкляныя і іншыя работы папярэдне ўнесены ў праект указа.

Самазанятасць - карысць і для дзяржавы, і для бізнесу. Першае - дзяржава, апроч легалізацыі тых, хто працуе ў цяні, атрымлівае скарачэнне беспрацоўя і падштурхоўвае развіццё прадпрымальніцкага руху. У мікрабізнесу свае выгады. Гэта льготныя ўмовы працы, адсутнасць падатковай справаздачнасці пры фактычным статусе ІП. Блізкім, але, зразумела, не ідэнтычным. Выкарыстоўваць наёмную працу ў такім разе ўсё ж недазваляльна.

Льготныя ўмовы для самазанятых - гэта выплата адзінага падатку. Канкрэтную стаўку вызначаць мясцовыя ўлады.