Ля стэлы "Мінск - горад-герой" праходзіць генеральная рэпетыцыя парада

8 мая 2020
У гонар Вялікай Перамогі Беларусь не адмяніла асноўныя святочныя мерапрыемствы, нягледзячы на крытыку з усіх бакоў. Паступіць інакш - значыць, здрадзіць памяці тых, хто падарыў нам сённяшні дзень. Па-ваеннаму - збаяцца ў баі. Ліпень 44-га. Вайна яшчэ працягвалася, а Мінск, які толькі ўздыхнуў пасля разрыву куль і снарадаў, праводзіў свой першы парад - парад партызан беларускага фронту. І гэта забыць немагчыма. У гонар воінаў-вызваліцеляў заўтра ля стэлы "Мінск - горад-герой", чаканячы крок, пройдуць сучаснікі. Генеральная рэпетыцыя ўжо пачалася. Зараз там знаходзіцца наша здымачная група.

На прамую сувязь са студыяй выходзіць Аляксандр Смірноў

Мы вядзём наш прамы рэпартаж ад стэлы "Мінск - горад-герой". У гэтыя хвіліны праходзіць генеральная рэпетыцыя парада Перамогі. Незвычайна назіраць за тым, што адбываецца, у начным асвятленні, але гэта адзіная, або гаворачы вайсковай мовай, крайняя магчымасць для арганізатараў выправіць дробныя недахопы або хібы гэтага мерапрыемства асаблівай значнасці. Традыцыйна адкрые парад праходжанне пешай калоны, яна вартая асобнай увагі: першымі пройдуць строем сувораўцы, ліцэісты і кадэты. Затым каробка ў франтавой форме адзення і абмундзіраванні партызан, а затым курсанты і прадстаўнікі розных сілавых ведамстваў. Усяго 19 парадных разлікаў, а гэта больш за тры з паловай тысячы чалавек. Мабыць, адметнасцю гэтай часткі шэсця стане жаночая каробка, якая вылучаецца асаблівай зграбнасцю.

Хачу звярнуць вашу ўвагу, што ўжо разгарнулася і тэлевізійная тэхніка. Святочную карцінку будуць рабіць мае калегі з Белтэлерадыёкампаніі. На ўзбраенні самая сучасная тэхніка  - задзейнічаныя на трансляцыі будуць адразу тры перасоўныя тэлевізійныя станцыі, асноўная задача ўскладзеная на "Яніну". У веданні рэжысёраў 23 камеры, якія пакажуць праходжанне калоны з самых прыгожых для гледачоў ракурсаў. Мы трохі раскажам пра сакрэты нашай тэлевізійнай кухні, перад пачаткам рэпетыцыі мы пагутарылі з калегамі, якія і будуць ствараць атмасферу свята.

За пешай калонай пойдзе ваенная тэхніка. Улічваючы важнасць мерапрыемства, і маштаб паказанага ўзбраення адпаведны. Гэта і лёгкая бранятэхніка, і танкі, і цяжкае ўзбраенне, і беспілотнікі - а гэта 16 парадных разлікаў (і 169 адзінак тэхнікі). Прыемна ўсведамляць, што сярод іх і самыя новыя распрацоўкі Дзяржкамваенпрама. Некаторыя ўзоры былі прынятыя на ўзбраенне беларускай арміі напярэдадні парада, да прыкладу, радыёлакацыйны комплекс "Раса". Самыя яркія ўзоры мы паказваем у нашым эфіры ў тэлепраекце "Тэхніка Перамогі". Ну, а вось чым гледачам павінен запомніцца гэты парад, мы папрасілі распавесці саміх арганізатараў парада.

Гучыць парадная музыка, атмасферу стварае зводны аркестр Узброеных Сіл. Прызнаюся, нават адчуваецца нейкі эмацыянальны ўздым. Міма нашай здымачнай групы зараз праходзіць каробка, і я ўжо спінай адчуваю грукат магутных матораў ваеннай тэхнікі, якая рыхтуецца пачаць сваё праходжанне каля стэлы. Немагчыма абысці ўвагай самую відовішчную частку парада - пралёт у небе паветранага эшалона. Яго складуць 36 верталётаў і самалётаў - ад транспартнай авіяцыі да сучасных знішчальнікаў-бамбардзіроўшчыкаў. Сёння падчас генеральнага прагону над горадам пройдзе і паветраны полк, як гэта будзе выглядаць у начным небе, убачым самі, але трохі пазней. Рэкамендую нашым тэлегледачам не пераключацца: цалкам верагодна, мы яшчэ вернемся ў эфір.