Да Дня горада ў Мінску пройдзе больш за 130 мерапрыемстваў - галоўныя пляцоўкі ўжо змяняюцца

7 сентября 2021

Сталіца рыхтуецца да Дня горада.  Усяго запланавана больш за 130 мерапрыемстваў. Галоўныя святочныя пляцоўкі па традыцыі разгорнуцца ў цэнтры Мінска.

Палац спорту парадуе гасцей музычным і гастранамічным нон-стопам. Стартуе ён апоўдні. А шумець гандлёвыя рады  з пачастункамі і сувенірамі ручной працы будуць да позняга вечара. 

У гэты ж час  каларытна будзе і ў Верхнім горадзе. Гледачоў збярэ фестываль нацыянальных культур. Там прадэманструюць традыцыйныя стравы і рамёствы, абрады і танцы. У вячэрняй  афішы  канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

Фінальны акорд свята прагучыць у 22:00. Феерверк дадуць у скверы Старосцінская слабада (недалёка ад гасцініцы "Беларусь"). Зрэшты, маляўніча і атмасферна ў Мінску ўжо зараз. Як сталіца змяняецца да Дня горада, што яшчэ трапіла ў афішу - даведалася Алена Вітко. 

40-метровае пано і фотаінсталяцыі, аб'ёмныя зоркі і радыусныя пілоны. Усе гэтыя арт-кампазіцыі займаюць сваё месца: Мінск рыхтуецца да Дня горада. Колеравая гама свята пераклікаецца з геральдыкай сталіцы, а таксама з каларытам восені. У графіцы гэта адлюстроўвае і стылізаваны кляновы ліст. Тут жа сілуэты славутасцей Мінска: вароты на Прывакзальнай плошчы, Кафедральны сабор, ратуша.

Ужо заўтра да вечара сталіца паўстане ў завершаным вобразе. Апошнія штрыхі застаюцца і ў праграме мерапрыемстваў. Іх запланавана больш за 130. Асноўныя, вядома, у суботу.

Інтэрактыўныя выставы і гасцінныя кірмашы, спартыўныя спаборніцтвы і квесты. Open air  будуць як раённыя, так і гарадскія.

Цэнтральная святочная лакацыя разгорнецца ля Палаца спорту. Зараз тут манціруюць сцэну з пяці пляцовак. Такі комплекс з'явіцца ўпершыню. Гэта дазволіць стварыць аб'ёмнае шоу. Так, у Дзень горада музычны фестываль будзе шумець 10 гадзін нон-стоп. Праграма разлічана на моладзь і сямейны адпачынак.

Каларытны фестываль ля ратушы аб'яднае культуры розных нацыянальнасцей. На свяце будуць прадэманстраваны традыцыйныя стравы, песні і танцы 25-ці краін. 

Яркі фінал у Дзень горада забяспечыць феерверк. Асвеціцца неба ў 22:00 над скверам Старосцінская слабада. А ўжо ў нядзелю святочная эстафета набудзе спартыўныя фарбы. На нізкім старце  Мінскі паўмарафон.