Больш чым сто чалавек, у тым ліку і дзеці, загінулі падчас тэракта ў Падмаскоўі

23 марта 2024

Рэпартаж Дар'і Белавусавай-Пятроўскай.

Шэрае неба і дождж. Надвор'е нібы аплаквае ўсіх тых, хто стаў ахвярай страшнай трагедыі. Жалезныя перакрыцці на разбураным даху "Крокус Сіці Хола" тырчаць, як пераламаныя косці. Сёння людзі нясуць  да будынка кветкі і не могуць стрымаць слёз.

Калі ўспамінаць храналогію ўчарашніх страшных падзей, то тэрарысты зайшлі ў будынак "Крокус Сіці Хола" ў 19:55. Бязлітасна расстралялі ахову і людзей, якія знаходзіліся побач.

У 20:03 яны былі ўжо ў канцэртнай зале, сталі падпальваць крэслы і страляць па гледачах.

У 20:04 першыя паведамленні аб стральбе і выклікі хуткай дапамогі. Пачалася паніка. Каб выратавацца, людзі білі вокны і выскоквалі на вуліцу. Частка гледачоў схавалася ў падвале, некаторыя хаваліся ад куль у туалеце, але апынуліся ў пастцы - задыхнуліся ад моцнага дыму.

У 21:00 на месцы ўжо знаходзілася больш за 50 карэт хуткай дапамогі. Працаваў АМАП, а спецназ падрыхтаваўся да штурму.

Дах "Крокус Сіці Хола" ўжо палаў як факел. Яго тушылі з дапамогай верталётаў са спецыяльнай сістэмай забору вады.

У пачатку адзінаццатай гадзіны ночы ў "Крокуса" абваліўся дах. Паступалі паведамленні аб сотні пацярпелых і першых загінуўшых. Сёння гэтая лічба ўжо перавышае 140 чалавек.

Андрэй Вараб'ёў, губернатар Маскоўскай вобласці Расіі:

Адразу хачу сказаць, што колькасць ахвяр будзе расці значна. Сёння ў 6:30 раніцы ратавальнікі зайшлі ў залу, дзе адбываліся самыя жудасныя падзеі. Сітуацыя там вельмі цяжкая. Будуць рэалізаваныя інжынерныя работы, весціся яны будуць кругласутачна. Ратавальнікі будуць пазменна працаваць. Адпаведна пры разборы завалаў мы будзем бачыць колькасць тых, хто пацярпеў.

Недалёка ад "Крокус Сіці Хола" знаходзіцца бізнес-цэнтр "Кубік". Менавіта тут сёння адкрылі цэнтр дапамогі родным загінуўшых і пацярпелых падчас тэракта. Тут яны могуць даведацца апошнюю інфармацыю і атрымаць псіхалагічную дапамогу, а яна ім проста неабходная, бо многія целы яшчэ не знойдзеныя і не апазнаныя. А гэта дае слабую надзею, што родныя і блізкія людзі яшчэ жывыя.

Падчас тэракта пацярпеў і адзін грамадзянін Беларусі. Зараз ён у вельмі цяжкім стане знаходзіцца ў Боткінскай бальніцы.

Сёння ў Маскве і Падмаскоўі ўведзены дадатковыя антытэрарыстычныя меры. Як адзначыў у сваім звароце да расіян Уладзімір Пуцін, каб не даць тым, хто стаіць за гэтай крывавай бойняй, учыніць новае злачынства. 24 сакавіка аб'яўлены ў Расіі днём агульнанацыянальнай жалобы.