Сталіца будзе развіваць статус горада, прывабнага для інвестыцый

21 декабря 2016

У наступным годзе ў Мінску прадоўжыцца будаўніцтва дзіцячых садкоў і паліклінік, знойдзецца месца і для арэндных дамоў.  А цэнтр горада разгрузяць ад празмернага трафіку. Сёння мэр сталіцы Андрэй Шорац правёў вялікую прэс-канферэнцыю ў ратушы. Звыш 15 пытанняў, большасць з якіх тычыліся эканомікі, будаўніцтва жылля і аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры. Як адзначыў кіраўнік сталіцы, вырашыць нямала праблем гараджан дапамагаюць прамыя тэлефонныя лініі, а таксама  кантакт-цэнтр жыллёва-камунальнай гаспадаркі 115. 

Андрэй Шорац, старшыня Мінгарвыканкама: "Наступны год важны для горада. Будзе закладвацца база для правядзення Еўрапейскіх алімпійскіх гульняў. Мінск - асноўная пляцоўка гэтага мерапрыемства. І тут адна з галоўных задач максімальна хутка дабудаваць лёгкаатлетычны стадыён "Дынама", дзе пройдзе адкрыццё і частка спаборніцтваў. Таксама гэта цэнтр мастацкай гімнастыкі, які таксама задзейнічаюць.  Мы працягваем будаваць школы і дзіцячыя сады, яны запланаваныя ў інвестпраграме - усё гэта ў штатным рэжыме. Акрамя таго, да сярэдзіны наступнага года мы дабудуем у Маскоўскім раёне басейн.  Мы праектуем яшчэ. І калі праграма будаўніцтва басейнаў дасць аддачу, то яна будзе рэалізоўвацца высокімі тэмпамі".

І сёння ж мэр Андрэй Шорац уручыў падзякі лепшым журналістам па выніках года - за актыўную работу і творчы падыход да асвятлення галоўных падзей з жыцця беларускай сталіцы.  Сярод узнагароджаных  і карэспандэнты Агенцтва тэленавін Ян Пашкевіч і Юлія Токар.

Юлія Токар, карэспандэнт аддзела АТН Белтэлерадыёкампаніі: "Такія высокія ўзнагароды - гэта ацэнка плённай працы ўсёй нашай каманды АТН! Бо менавіта дзякуючы цікавым героям, нашым прафесійным тэлеаператарам, рэжысёрам і шэф-рэдактарам і атрымліваюцца такія цікавыя рэпартажы. Таму хочацца яшчэ раз выказаць падзяку нашай прафесійнай камандзе Агенцтва тэленавін - гэта наша агульная перамога. І мы абяцаем і далей старацца і нашымі рэпартажамі радаваць гледачоў!"

Гарадская ратуша, дзе прайшла прэс-канферэнцыя, у найбліжэйшы час стане адной з навагодніх рэзідэнцый Дзеда Мароза. Мінчане змогуць трапіць у госці да казачнага персанажа ўжо  24 снежня.