Жыхары сталічнага рэгіёна сталі больш актыўна сартаваць смецце

24 февраля 2018

Паперу - у зялёны, пластык - у жоўты. І галоўнае - не пераблытаць. Жыхары сталічнага рэгіёна сталі больш актыўна сартаваць смецце. Спрыяюць гэтаму стварэнне новых кантэйнерных пляцовак, а таксама закрыццё смеццеправодаў у шматпавярховых дамах. Навошта патрэбна збіраць шкло і пластык асобна, і як мінімізаваць колькасць смецця дома наогул - карысныя парады ў рэпартажы Антаніны Станкевіч.

Замест аднаго вялізнага вядра – тры кампактныя кантэйнеры: для пластыку, паперы, і астатняга смецця асобна. Мінчанін Антон Гаховіч збірае смецце паасобку на працягу некалькіх гадоў – і гэта ператварылася у звычку. Дарэчы, «самы мужчынскі рытуал» зараз прыходзіцца рабіць куды радзей, чым калі вядро было адно.

Праўда, пакеты са смеццем Антон выносіць у суседні двор – у сваім трохкаляровых кантэйнераў няма. Сёлета камунальныя службы абсталююць такія пляцоўкі у 130 сталічных дварах. Пераважна ў тых, дзе людзі адмовіліся ад смеццеправодаў. На думку эколагаў, з-за наяўнасці такіх шахт у шматпавярховых дамах людзі не вельмі заахвочаныя збіраць смецце паасобку. Іншае пытанне – зручны пад'езд для спецыяльных машын.

Сартаваць смецце на канвееры даволі зручна. Тым больш што у кантэйнерах для паасобна сабранага смецця нярэдка сустракаюцца адходы не па прызначэнні. Эколаг Яўген Лобанаў перакананы – уся справа ў адсутнасці матэрыяльных стымулаў.

Таццяна Кузняцова ужо некалькі гадоў не набывае пластыкавыя пакеты ў магазінах. Гэта не толькі зручна і танна, але яшчэ і вельмі экалагічна. Дарэчы, пашыць такую торбу – гадзінная справа, якая з хобі ператварылася нават у маленькі асабісты бізнэс. Набываюць стыльныя торбачкі не толькі сябры і знаёмыя, але і іншыя зацікаўленыя асобы.