Сярод актуальных пытанняў у гэты час і бяспека зімовай рыбалкі

11 января 2016

Калі і дзе можна спакойна выходзіць на лёд, даведаліся нашы карэспандэнты. Так, забарона дагэтуль дзейнічае ў паўднёвым рэгіёне, на астатніх пляжах сезон адкрыты. Месцы актыўнага адпачынку патрулююць супрацоўнікі МНС, за парадкам сочаць ратавальнікі і вадалазы. Але пры гэтым не варта забывацца і на важныя правілы. Як не ператварыць любімае хобі ў трагедыю? Саветы прафесіяналаў пачула Антаніна Станкевіч.

Шэра-блакітны лёд на Вілейскім вадасховішчы - прыкмета даволі трывалага пакрыцця. Зараз таўшчыня лёду тут - сантыметраў 30-35, а значыць, выходзіць на паверхню можна даволі спакойна. Аднак зімовая рыбалка не прабачае бестурботнасці, а таму нават у такіх спрыяльных умовах варта зважаць на дэталі: яны падкажуць рыбаку, калі лепш засцерагчыся.

У Мінскай вобласці, напрыклад, выхад на лёд не абмежаваны. Выключэнне - цёмны час сутак. Ва ўмовах дрэннай бачнасці ёсць верагоднасць і спатыкнуцца, і патрапіць у сваю ж лунку. Такія выпадкі ў практыцы ратавальнікаў часам сустракаюцца.

Як правіла, экстрэмальныя сітуацыі здараюцца, калі іх чакаеш менш за ўсё. І тут трэба, па-першае, не панікаваць, раскінуць рукі як мага шырэй і паспрабаваць выбрацца на лёд самастойна. І самае галоўнае - абавязкова клікаць на дапамогу!

На ўсіх рэчках і азёрах краіны кругласутачна вахту нясуць і спецыялісты АСВОДа і супрацоўнікі МНС. У выратавальных брыгад у арсенале ёсць усё неабходнае, каб любое надзвычайнае здарэнне завяршылася добра.

Акрамя таго, варта памятаць, што чалавека, які праваліўся пад лёд, ні ў якім разе нельга расціраць. Прапаноўваць алкаголь дзеля сагравання таксама. А адпраўляючыся на рыбалку, ёсць сэнс прыхапіць з сабою паходную аптэчку з мінімальным наборам лекаў.

Пакуль што забарона на выхад на лёд у краіне аб'яўлена толькі ў самым паўднёвым рэгіёне краіны: у Брэсцкай вобласці ў апошнія дні днём фіксуюць дадатную тэмпературу. Дарэчы, пры такіх умовах надвор'я літаральна за два-тры дні лёд губляе да 30% сваёй трываласці.