Савет IIHF забраў у Беларусі права правядзення чэмпіянату свету па хакеі 2021

18 января 2021

Тое, што баі разгортваюцца на інфармацыйным полі, - гэта ўжо факт. Міжнародная федэрацыя хакея не змагла супрацьстаяць палітычнаму лобі і перанесла чэмпіянат свету з Мінска ў іншую краіну. Так сёння вырашыў савет Міжнароднай федэрацыі хакея з шайбай. Разглядаць гэтае рашэнне з пункта погляду логікі наўрад ці магчыма - за тры з паловай месяцы да старту Беларусь, якая гатова хоць заўтра прымаць форум, пазбавілася свята спорту. А хутчэй за ўсё свята спорту пазбавіўся ўвесь хакейны свет - усе выдатна ведаюць узровень арганізацыі ў нашай краіне спартыўных мерапрыемстваў.

Дарэчы, у Швейцарыі ніхто нават не спрабуе ўтаіць: палітычна ангажаванае рашэнне з адменай хакея ў Беларусі праціснулі еўрапейскія палітыкі, а факты добрасумленнага выканання кантракта беларускім бокам нават не браліся да ўвагі. Цяжка сказаць, хто акажацца ў пройгрышы ў гэтай сітуацыі, бо яшчэ ні разу ў сусветнай гісторыі адмена спартыўных падзей не ўплывала на змену палітычнага ладу у асобна ўзятай краіне. А вось хакей Міжнародная федэрацыя страціць.

Летась апошняя ўжо несла страты з-за пандэміі і адмены форуму. Сёлета нават калі каранавірус дазволіць гуляць, наўрад ці шмат заробіш у краіне, якая яшчэ нават не ведае пра дадатковыя абавязацельствы. Урэшце, аднавіць давер у адносінах будзе вельмі складана. Здаецца, кіраўнік федэрацыі Ренэ Фазель разумее ўсё гэта, але не можа нічога зрабіць. Палітыкі ў спорце паводзяць сябе агрэсіўна.

Тэма правядзення ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі яшчэ некалькі месяцаў таму набыла палітычную афарбоўку. Сітуацыя не новая, штосьці падобнае было і перад планетарным форумам у 2014-м.

Тады, нягледзячы на намаганні дэпутатаў Еўрапарламента, спаборніцтвы ў Мінску ўдалося абараніць, і яны прайшлі на ўра. Рэкорд па тэлеглядзенні, рэкорд па наведвальнасці, а агульную незабыўную атмасферу свята, здаецца, запомніў кожны замежны госць, які наведаў нашу сталіцу сем гадоў таму. Вядома ж, тыя эмоцыі многім хацелася паўтарыць, таму Беларусь разам з Латвіяй на кангрэсе выйгралі права правядзення чэмпіянату свету ў статутнай і тытулаванай у хакеі Фінляндыі.

Заўважым, галоўныя матчы планаваліся на "Мінск-Арэне". Відавочна, як партнёр Міжнароднай федэрацыі хакея з шайбай наша краіна выконвала ўсе свае абавязацельствы і ўжо сапраўды рабіла гэта лепш за многіх і больш адказна. Чаго варты хаця б той факт, што аргкамітэт узначальвае кіраўнік урада. У інтэрв'ю тэлеканалу "Расія-1" прэзідэнт чарговы раз пра гэта нагадаў.

Кіраўнік Міжнароднай федэрацыі Ренэ Фазель шануе ўсё тое, што зроблена нашай краінай для развіцця хакея, і разумее: варыянты пераносу форуму або яго адмены пацягнуць фінансавыя страты. Таму Фазель асабіста прыехаў у Мінск, каб атрымаць гарантыі бяспекі для ўдзельнікаў. І ён яшчэ раз іх атрымаў ад Аляксандра Лукашэнкі.

Фазель паехаў, як здалося, ён застаўся задаволены вынікамі візіту. Аднак за мінулы тыдзень апаненты дзеючай улады зрабілі ўсё магчымае, каб націск узмацніць. У ход пайшлі брудныя тэхналогіі. Канапавыя войскі праз падстаўныя акаўнты закідалі IIHF скаргамі і абразамі.

Сам Ренэ Фазель пасля візіту ў Мінск амаль штодня даваў інтэрв'ю, апраўдваўся і падкрэсліваў: націск стаў беспрэцэдэнтным. Адны пагражалі байкотам, другія патрабавалі адмены. Прамым тэкстам швейцарац называў тых, хто асабліва пастараўся.

Спонсары - партнёры Міжнароднай федэрацыі - ніяк сябе не праяўлялі да мінулага тыдня. І вось як па камандзе сталі сыпаць заявамі - маўляў, калі турнір пакінуць у Беларусі, мы спыняем супрацоўніцтва.

І сёння савет IIHF усё ж забраў у Беларусі права правядзення чэмпіянату свету. Міжнародная федэрацыя хакея вельмі слабая і залежная ў супрацьстаянні з еўрапейскімі палітыкамі. Вось і не вытрымала націску. Геаграфія хакейных чэмпіянатаў і так не вельмі шырокая, а палітычныя рашэнні робяць яе яшчэ больш вузкай.

Можна толькі ўявіць узровень спехам падрыхтаванага чэмпіянату ў краіне, якая толькі зараз, за тры з паловай месяцы да часу ікс, возьме дадатковыя абавязацельствы па правядзенні форуму ў сябе. Ды яшчэ і ў перыяд пандэміі! Але такое сучаснае жыццё: хакей вымушаны паражаць уласныя вароты, таму што не можа не падпарадкавацца палітыцы.