Змяшанай эстафетай у Холменколене стартаваў сёння чэмпіянат свету па біятлоне

3 марта 2016

У Нарвегію адправіліся адразу 12 беларускіх спартсменаў, 5 з іх - дэбютанты сусветнага форуму. Як і ўвесь сезон, прапускае чэмпіянат свету Дар'я Домрачава. Чаго чакаць прыхільнікам біятлона ад нарвежскага старту, як склалася для беларусаў першая гонка. Рэпартаж Алены Гарэльчык.

У каментатарскай Уладзімір Навіцкі з'яўляецца амаль за гадзіну да пачатку гонкі. Вывучыць стартавыя пратаколы, праманіторыць апошнія навіны, нарэшце, настроіцца на працу. На маніторы з'яўляецца карцінка з Холменколена. Апаскі, што з-за туману гонка можа адмяніцца, не пацвердзіліся. Рэжысёр дае адмашку - мы ў эфіры.

Без Домрачавай, але з Надзеяй. Трохразовая алімпійская чэмпіёнка яшчэ летам заявіла - гэты сезон яна прапускае. Біятланістка перанесла монануклеёз, арганізму трэба быў адпачынак. Лідзіраваць у зборнай выпала роля Надзеі Скардзіне.

Каб падысці да чэмпіянату свету ў аптымальнай форме, яна прапускала заакіянскія этапы, а спаборніцкай практыкі набіралася на чэмпіянаце Еўропы ў Цюмені, дзе гонка праследавання прынесла ёй золата і чэмпіёнскі тытул.

Скардзіна, мабыць, наша галоўная і адзіная надзея на медаль. Козыр беларускі - дакладная стральба. У гэтым сезоне спартсменка закрыла 93,4 % мішэняў - паказчык не толькі лепшы ў кар'еры, але і сярод усіх біятланістак за апошнія пяць гадоў. Змяшаная эстафета чэмпіянату свету толькі пацвердзіла гэты факт. Беларуска закрыла ўсе 10 мішэняў з 10.

На жаль, датэрмінова завяршыла сезон яшчэ адна Надзея - Пісарава. Віной таму атручэнне, якое біятланістка перанесла ў снежні мінулага года на этапе Кубка свету ў Паклюцы. Ачуняўшы, у студзені Надзея ўсё ж выйшла на старт у эстафеце. На трэцім этапе яна здолела вырвацца наперад, але практычна спынілася на фінішы.

Вызваленае месца ў зборнай адразу ж заняла Крысціна Ільчанка. Праўда, пакуль высокімі вынікамі экс-расіянка пахваліцца не можа. Дэбютуюць на чэмпіянаце свету таксама Ганна Сола, Дар'я Юркевіч, Максім Варабей і Раман Ялётнаў. Дарэчы, апошні нёс беларускі флаг на цырымоніі адкрыцця чэмпіянату свету, якая прайшла напярэдадні ў Осла і асабліва гасцей і ўдзельнікаў чэмпіянату свету не ўразіла. Справа ў тым, што бюджэт мерапрыемства, па рашэнні ўлад горада, быў скарочаны на 20 %.

Няма сярод удзельнікаў чэмпіянату свету Віктара Крыўко, які выдатна паказаў сябе ў Цюмені, ва ўсіх 4 гонках апынуўшыся сярод 15-ці самых моцных. Малады біятланіст выступіць на чэмпіянаце свету, толькі юніёрскім.

У змяшанай эстафеце беларусы дапусцілі ўсяго 1 промах. Незакрытай засталася мішэнь у Ірыны Крыўко. Аднак нават такая стральба не дазволіла нашай камандзе прэтэндаваць на медалі. Наш квартэт у выніку размясціўся на 9-м месцы. Выйграла жа гонку зборная Францыі.

Заўтра на чэмпіянаце свету выхадны. Ужо 5 сакавіка ў Холменколене пройдуць дзве спрынтарскія гонкі. У 13:30 на старт выйдуць мужчыны, праз тры гадзіны жанчыны. Прамыя трансляцыі будзе весці тэлеканал "Беларусь 5".