Сацыяльныя праекты, якія могуць прынесці карысць, сёння актыўна распрацоўваюць беларусы

3 января 2017

Чахлы для кювезаў, інтэрнэт-магазін прадуктаў з асабістых падворкаў і IT-школа для людзей, пазбаўленых слыху.  Сацыяльныя праекты, якія могуць прынесці карысць, сёння актыўна распрацоўваюць беларусы. Грошы на рэалізацыю смелых ідэй гатовыя даць не толькі  мецэнаты, а таксама неабыякавыя жыхары. Збор сродкаў актыўна вядзецца  і на папулярных краўдфандынгавых платформах. Антаніна Станкевіч пазнаёмілася з тымі, хто хоча зрабіць свет крыху лепшым.
Журналіст па адукацыі, а швачкай прыйшлося стаць па прызванні з нараджэннем дачкі. Тады вось Марына Бегункова ўзгадала, што нядрэнна ўпраўляецца з тканінай, ніткамі, іголкамі і ... бегункамі. Спачатку шыла распашонкі, коўдры і камбінезоны для сваёй дачкі, потым пасыпаліся заказы ад іншых бацькоў,  пасля захацелася, каб хобі прыносіла не толькі радасць, але і карысць. Так з’явілася ідэя шыць чахлы на кювез для неданошаных дзяцей.
У найбліжэйшых планах - пашыць 60 такіх вырабаў і перадаць іх у радзільныя дамы краіны. Асабліва чахлы чакаюць у рэгіёнах. Да ініцыятывы, дарэчы, падключылася і мама Марыны, а некаторыя заказчыкі дапамагаюць фінансава.
Анастасія Казакевіч жыве недалёка ад станцыі метро “Каменная Горка”, а таму нярэдка робіць пакупкі на мясцовым стыхійным рынку. Быццам бы сама сабой нарадзілася ідэя стварэння інтэрнэт-магазіна, дзе будуць прадаваць тавары з асабістых падворкаў. Мэты ў праекта дзве: па-першае, у пенсіянераў адпадзе неабходнасць стаяць каля метро, а спажыўцы атрымаюць магчымасць купляць якасную агародніну, грыбы і нават саленне-варэнне.
У гэтым класе кожны ахвотнік спасцігае свет высокіх тэхналогій. Адным з такіх вучняў калісьці стаў Максім Молнар. Самай вялікай складанасцю было данесці хлопцу з парушэннем слыху стандартны курс па 3Д-мадэляванні. Цяпер Максім  паспяхова працуе ў адной з самых запатрабаваных сфер, а кіраўніцтвам школ створаны спецыялізаваныя класы, дзе авалодаць прамудрасцямі праграмавання, тэсціравання і 3Д-мадэлявання могуць людзі з такімі ж праблемамі. Адзін з педагогаў - Максім Молнар.
Па выніках года з дзясятак падобных ідэй прапанавалі на конкурсе сацыяльных праектаў. Лепшыя - а вынікі вызначаюць выключна галасаваннем у Інтэрнэце - атрымліваюць падтрымку спонсараў, сярод якіх кіраўнікі буйных кампаній.
А ўжо з сярэдзіны месяца стартуе прыём заявак на новы конкурс сацыяльных праектаў. Галоўнае, сцвярджаюць арганізатары,  гарэць ідэяй.