Супрацоўнікі ДАІ рэкамендуюць выконваць хуткасны рэжым і захоўваць дыстанцыю з улікам надвор'я

24 января 2020
Выконваць хуткасны рэжым і захоўваць дыстанцыю з улікам надвор'я рэкамендуюць супрацоўнікі ДАІ. Пры гэтым не варта забываць пра тэхнічны стан машыны. Перад паездкай раяць прагрэць транспарт. Уважлівымі трэба быць і пешаходам.

Станіслаў Салавей, афіцыйны прадстаўнік УДАІ МУС Беларусі: "Неабходна быць уважлівымі, калі пад'язджаеце да пешаходных пераходаў, трымаць нагу на педалі тормаза для таго, каб у любы момант можна было спыніць транспартны сродак. Акрамя гэтага, пры здзяйсненні манеўраў не трэба рабіць рэзкіх рухаў. І тармазіць, не выключаючы перадачу. Гэта дапаможа больш кантраляваць свой транспартны сродак".

Ускладніць сітуацыю на дарогах можа дождж і мокры снег. Ноччу і раніцай на асобных участках будзе галалёдзіца. Ападкі прагназуюцца на большай частцы тэрыторыі Мінскай вобласці. Тэмпература паветра ў межах ад мінус аднаго да плюс шасці градусаў. Будзе ветрана з парывамі да пятнаццаці метраў за секунду. У выхадныя надвор'е істотна не зменіцца. Будзе мокра і сыра.