Зноў у школу! У Мінску першы званок паклікаў больш за 20 тысяч першакласнікаў

1 сентября 2023

Сёння вучні беларускай сталіцы на лінейцы гатоўнасці да новых адкрыццяў у краіне ведаў. 1 верасня - вялікая дата і для жыхароў Заводскага раёна Мінска. Пасля маштабнай рэканструкцыі там расчыніла дзверы 210-я школа. У ёй створаны камфортныя ўмовы для навучання, арганізаваны агракласы. А ў 12-й сталічнай гімназіі сёлета фокус на інжынерны напрамак.

Увогуле толькі ў сталіцы званок паклікаў больш за 20 тысяч першакласнікаў. Падрабязнасці ў Аляксандры Гойтан.

1 верасня - Дзень ведаў

Вучні сталіцы на лінейцы гатоўнасці да новых адкрыццяў і ведаў. 1 верасня па традыцыі ў 12-й гімназіі вітаюць першакласнікаў шчырымі ўсмешкамі, танцавальнымі і музычнымі падарункамі.

Карына Чыжыкава і яе маці быццам сяброўкі-выпускніцы. Гэты год - развітанне са школьным шляхам даўжынёй 11 гадоў. Чуллівыя імгненні ў аб’ектывах тэлефонаў і фотаапаратаў. Дарагія ж сэрцу моманты ўжо дарослых дзяцей бацькі беражліва захоўваюць у памяці.

Сёлета ў 12-й гімназіі крыху больш за 90 адзінаццацікласнікаў. Усе яны вучацца па профільных напрамках. Будучыя філолагі, эканамісты і медыкі не толькі паглыблена вывучаюць прадметы, якія спатрэбяцца пры паступленні, але і ўдзельнічаюць у адмысловых "гасцявых уроках" на будучых месцах працы. З гэтага года ў гімназіі пачнуць рыхтаваць і будучых інжынераў.

Урачыстую сустрэчу напачатку года традыцыйна ладзяць для самых старэйшых вучняў - выпускнікоў і іх маленькіх пераемнікаў - новых гімназістаў.

Першая настаўніца, белы бант, школьная форма, дапытлівыя вочы дзяцей з-за пярэстых кветак - наперадзе цікавае і захапляльнае жыццё вучня.

Школьная пара - час сапраўды адказны і важны, на падмурку якога будуецца дарослае жыццё з парад настаўнікаў, ведаў і лепшых сяброў.

Першакласнікі ставяцца да вучобы сур’ёзна, выпускнікі ж ведаюць дакладна, што гімназія - больш чым навучальная установа.

Сёлета ў сталіцы звыш 20 тысяч учарашніх дашкалят упершыню паклікаў званок у краіну ведаў.

Доўгачаканая сустрэча пасля летніх канікул ці толькі знаёмства са школай і настаўнікамі. Для самых маленькіх вучняў 12-й гімназіі (а іх сёлета 128) сённяшні дзень асабліва чуллівы і святочны. Пасля ўрачыстай лінейкі адмысловы занятак. Першая ж чвэрць новага навучальнага года пачнецца з панядзелка.