Следчыя назвалі прычыну крушэння самалёта Як-130 у Баранавічах

26 октября 2021

Усе мы памятаем гераічнасць і мужнасць лётчыкаў, якія фактычна паўтарылі подзвіг першага Героя Беларусі Уладзіміра Карвата. Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка цаной сваіх жыццяў адвялі падаючы самалёт ад жылых дамоў. 

Сёння следчыя назвалі прычыну трагедыі -  гэта сапсаванне датчыкаў вылічальнікаў і прывадаў комплекснай сістэмы кіравання, а таксама стабілізатара паветранага судна. Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы. 19 мая на аэрадроме Баранавічы выконваліся навучальна-трэніровачныя палёты. У той дзень з аэрадрома Ліда група з чатырох самалётаў Як-130 выканала ўзлёт і далейшы палёт па зададзеным маршруце. Пасля завяршэння задання камандзір паветранага судна па камандзе вядучага прыступіў да адзіночнага вышэйшага пілатажу на малых вышынях над аэрадромам. Падчас выканання самалётам віражу, бартавой сістэмай аб'ектыўнага кантролю пачалі рэгістравацца сігналы аб сапсаванні датчыкаў. З гэтага моманту лётчыкі страцілі спраўнае кіраванне над самалётам. Экіпажу неаднаразова па радыёсувязі даваліся каманды катапультавацца. 

Следчыя сумесна з камісіяй Мінабароны ўсталявалі ўсе акалічнасці трагедыі. Дапытана больш за 100 чалавек, вывучана дакументацыя. Прааналізаваны перамовы лётчыкаў і дыспетчараў, а таксама відэазапісы. Папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе спынена ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства.