Па ўсёй краіне прашумелі масленічныя гулянні

12 марта 2016

Выпякалі бліны з самымі рознымі начыннямі, вадзілі карагоды, спальвалі пудзіла, спявалі "бабулькіны прыпеўкі". Адным словам, развітваліся з зімой і сустракалі вясну па ўсіх народных традыцыях. Толькі ў сталіцы святочныя мерапрыемствы разгарнуліся на 17 пляцоўках. Упершыню ля Палаца спорту прайшоў конкурс на самы смачны, вялікі, пышны і карункавы блін. Удзел у ім прынялі 13 кухараў сталіцы. Масленічны тыдзень папярэднічаў Вялікаму посту. Заўтра ў праваслаўных вернікаў - дараваная нядзеля. Да провадаў зімы далучылася і Юлія Токар.

Развітваліся з зімой і сустракалі вясну! У вясёлых прыпеўках і бліновых водарах у літаральным сэнсе патанула плошча ля Палаца спорту. Тут Масленіцу сустракалі з размахам! Галоўны пачастунак свята - бліны - гасцям прапаноўвалі на любы густ. Больш за паўсотні відаў: з пшанічнай, жытняй, аўсянай мукі. Бліны з бурака і бульбы. Кухары не паспявалі выпякаць.

А на гэтым стале самы сапраўдны бліновы мікс. Не толькі з рознымі начыннямі, але і формамі. Чырвоныя і сінія ружы, канапэ, бліновы дом і нават вось гэтая лялька Масленіца, зробленая з ажурных бліноў.

Такая эксклюзіўная кулінарная праца належыць кухару Анастасіі Мялюх. Практыкуючыся на еўрапейскай кухні і дэкаратыўным упрыгожванні Анастасія вывучае і старажытныя рэцэпты. Яна, дарэчы, і стала пераможцам бліновага конкурсу. Праводзіўся ён сёння ўпершыню. Прама на плошчы 13 лепшых кухараў сталіцы змагаліся ў намінацыях за самы смачны, вялікі, пышны і карункавы блін.

На трынаццаці тысячах квадратных метраў размясціліся гандлёвыя рады. Сувеніры ручной працы, размаляваны керамічны посуд і ювелірныя ўпрыгажэнні прапанавалі ў горадзе майстроў. Таксама на кірмашы можна было паспытаць дранікі ў гліняных збанках, юшку і рыбу на мангале.

Забавы, конкурсы і карагоды - неад'емныя атрыбуты Масленіцы. Напрыклад, пад Мінскам, у Ратамцы, яшчэ і каталі на калёсах, там прайшло конна-спартыўнае шоу. А самыя спрытныя госці свята спрабавалі заваяваць вяршыню масленічнага слупа.

Шчодрая Масленіца будзе шумець па ўсёй краіне да самай ночы. Кульмінацыяй свята стане традыцыйнае спальванне пудзіла як сімвала адыходзячай зімы. Разам з ёй, лічылі нашы продкі, сыходзяць і непрыемнасці. Заўтра ў праваслаўных вернікаў дараваная нядзеля. Таму важна правесці гэты час з блізкімі і з чыстым сэрцам пачаць перыяд Вялікага посту.