Сёння губернатар Мінскай вобласці Сямён Шапіра правёў прыём грамадзян

1 апреля 2015

Са сваімі скаргамі, праблемамі і прапановамі да яго звярнуліся жыхары Жодзіна. Найбольш актуальныя пытанні застаюцца нязменнымі - добраўпарадкаванне, прыватызацыя і кошт квадратных метраў.

Наш карэспандэнт Антаніна Станкевіч з падрабязнасцямі.

Жыхар Жодзіна Дзмітрый Танкевіч прызнаецца: адчувае сябе галоўным героем п’есы абсурду. Рэгістрацыя па канкрэтным адрасе ёсць, а жыць няма дзе. Амаль 10 гадоў таму па віне суседзяў згарэў яго дом. Мужчына збіраўся аднавіць радавое гняздо – участак быў поўнасцю ачышчаны ад смецця, паспеў Дзмітрый заліць і новы падмурак.

Участак зямлі і дом належалі сельскагаспадарчаму прадпрыемству. Па дамоўленасці з яго кіраўніцтвам гаспадар і правёў пэўныя работы – маўляў, пасля гэтага можна будзе нанова будавацца і нават прыватызаваць дом. Але законы змяніліся – зараз зямельны ўчастак можна набыць толькі праз аўкцыён. Невялікі, але зручны кавалак зямлі ўпадабаўся яшчэ некалькім жыхарам Жодзіна.

А між тым налог на зямлю мужчына спраўна плаціць.

Зараз гэты ўчастак аблюбавалі яшчэ і вясёлыя кампаніі. Пасля такіх вечарынак тут пакідаюць пустыя бутэлькі і іншае смецце. Раз на тыдзень прыходзіцца прыязджаць і прыбіраць, бо санстанцыя, вядома ж, аштрафуе таго, хто тут прапісаны.

У пошуках выйсця з парадаксальнай сітуацыі сёння Дзмітрый трапіў на прыём да губернатара. Дапамагчы ж вырашыць праблему мужчыны зараз можа толькі суд. А вось усю неабходную юрыдычную падтрымку забяспечыць горад. Бясплатна.

Зараз Дзмітрый рыхтуе пакет дакументаў, каб пазмагацца за ўчастак зямлі, дзе нарадзіўся і вырас. Але гаспадар разумее: калі гэтая гісторыя і скончыцца хэпі-эндам, то адбудзецца гэта як мінімум праз год-другі.