Падрыхтоўка да здымак фільма пра беларуска-кітайскую гісторыю кахання на фінішы - ідзе кастынг акцёраў

21 ноября 2023

Падрыхтоўка да здымак першага ў гісторыі беларуска-кітайскага фільма на фінішнай прамой. Найбліжэйшы тыдзень спецыялісты з Пекіна правядуць у Беларусі.

Зараз ідзе папярэдні кастынг беларускіх акцёраў і адбор экстэр'ераў для здымак фільма. Да студзеня 2024 года вызначацца з выканаўцамі галоўных роляў у гісторыі пра каханне. Яе на здымачнай пляцоўцы будуць фіксаваць у тым ліку беларускія аператары і рэжысёры. Гэтыя дамоўленасці напярэдадні леглі ў афіцыйны дакумент - пагадненне аб сумеснай кінавытворчасці. Дэталі сцэнарыя, як і рабочую назву фільма, не раскрываюць. Але вядома, што чырвонай ніткай у кінастужцы будзе праходзіць тэма мірнага суіснавання народаў Беларусі і Кітая, якое вядзе да стабільнасці ў свеце.

Старт кінапраекта плануецца ў дзень наладжвання дыпадносін Беларусі і Кітая

Афіцыйны старт кінапраекта намечаны на 20 студзеня. Менавіта ў гэты дзень споўніцца 31 год, як былі наладжаны дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Кітаем. Жаданне развіваць усепагодныя адносіны было падкрэслена лідарамі дзвюх краін у сакавіку 2023-га на сустрэчы ў Пекіне. Таму прэм'ера ў кінапрасторы стане канкрэтным працягам ініцыятыў на вышэйшым узроўні.