Традыцыйнае каляднае свята аб'яднала тысячы мінчан

14 января 2017

Пасля чарады навагодніх святаў, выпрабаванняў траскучымі маразамі і вятрамі зіма ўзмацняе свае правы за кошт снегападаў. Багатыя  ападкі сёння зноў накрылі Беларусь. Праўда, для тых,  хто аддае перавагу актыўнаму адпачынку на свежым паветры, гэта як раз аптымальны час. Знайшлося месца і народным гулянням. Самыя масавыя і яркія ў сталіцы  сёння разгарнуліся каля Дома Міласэрнасці. Традыцыйнае каляднае свята аб'яднала тысячы мінчан. Разам з усімі ў зімовы каларыт і спартыўную феерыю пагрузіўся і Аляксей Кандраценка.

У патоку навагодніх урачыстасцяў гэты "карпаратыў", бадай, самы душэўны. Завадныя песні, салдацкая каша, вогнішча, конкурсы і ўсеагульны дух радасці - усё гэта каляднае свята каля Дома Міласэрнасці. Сёлета яго правялі на тыдзень пазней за звычайнае - адбіліся моцныя маразы ў само Раство.

Фармат свята - сямейны, менавіта таму тут так шмат забавак і пачастункаў для дзяцей.

Тыя, хто адзначае Каляды каля Дома Міласэрнасці не першы раз, ужо ведаюць - Дзеда Мароза і Снягурку клікаць не мае сэнсу. Усё роўна не пачуюць: бо да дзяцей яны прылятаюць на верталёце.

Для мінчан у гэтыя дні адкрытыя ўсе пляцоўкі для заняткаў зімовымі відамі спорту. Традыцыйны "аншлаг" на катку ля Палаца спорту.

У лыжнікаў жа - як профі, так і аматараў - свой  заснежаны і добраўпарадкаваны "аазіс"  - гэта траса ў Вяснянцы.

Нямала аматараў актыўнага адпачынку і на схілах гарналыжных комплексаў.  Зусім юная Саці Тынянскіх з Масквы ўпэўнена катаецца на сноўбордзе. Падняцца ж на вяршыню трасы дзяўчынцы дапамагае лабрадор па мянушцы Мік.

Тыя ж, хто не рызыкнуў выйсці на вуліцу 1 студзеня, гэтай ноччу змогуць "адарвацца" ўдвая. Змяніць, да прыкладу, утульныя кафэ на спартыўна-музычны марозны драйв можна ў гарналыжным комплексе пад Лагойскам.

Такім чынам, на "экватары" каляндарнай зімы самы час падвесці прамежкавыя вынікі самага халоднага часу года. Для гэтага лепшая падстава  - Сусветны дзень снегу. Яго ўжо адзначаюць па ўсёй Беларусі. Самыя ж яркія моманты заўтра - у Мінску і Гродне.