Калядныя маразы ў Беларусі мацнеюць

6 января 2017

Сёння ў некаторых раёнах краіны адзначана мінус 25 градусаў. Пры гэтым за апошнія два дні толькі ў сталіцы і Мінскай вобласці зафіксавана амаль два дзясяткі выпадкаў абмаражэнняў. У асноўным, гэта павярхоўныя пашкоджанні скуры. Медыкі нагадваюць, што пры першых жа сімптомах - зняменні канечнасцяў і страты адчувальнасці - неабходна неадкладна зайсці ў цёплае памяшканне. Калі ж скура на месцы абмаражэння пачне бялець, варта адразу ж звярнуцца па медыцынскую дапамогу.

У Брэсцкай вобласці на маршрут выйшаў перасоўны пункт абагравання для дапамогі вадзіцелям, якія трапілі ў складаную сітуацыю на дарозе. Валанцёрамі сталі ўдзельнікі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і міліцыя. Перасоўны пункт абсталяваны абагравальнікамі, буксіровачным тросам і дадатковым акумулятарам для запуску аўтамабіляў. Акрамя тэхнічнай дапамогі, аўтамабілістаў аматараў і вадзіцеляў далёкіх маршрутаў частуюць гарбатай і прапаноўваюць цёплыя рэчы.

У сувязі з моцным марозам ва ўзмоцненым рэжыме працуюць і транспартныя службы. Рабочы дзень у аўтобусных, тралейбусных і трамвайных парках пачынаецца на гадзіну раней - дадатковы час спецыялістам трэба, каб прагрэць салоны машын. Пры гэтым графік руху аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў не змяняецца.

А сёння ў 6 раніцы ў сталіцы згарэў аўтобус. Узгаранне адбылося, калі транспарт ужо быў на маршруце ў раёне вуліцы Лабанка. Полымя ўспыхнула ў кабіне вадзіцеля і перакінулася на салон, дзе знаходзілася 15 пасажыраў. На шчасце, людзі змаглі хутка пакінуць аўтобус. Пажарная брыгада прыбыла літаральна праз некалькі хвілін і ўзгаранне было аператыўна ліквідавана. Асноўная версія пажару - кароткае замыканне электронікі.