Расія закрывае мяжу з Беларуссю для прадухілення распаўсюджвання COVID-19

16 марта 2020
Расія часова закрывае мяжу з Беларуссю для перамяшчэння людзей. Гэта дадатковыя меры прадухілення распаўсюджвання COVID-19. Аб гэтым заявіў сёння расійскі прэм'ер Міхаіл Мішусцін. З 17 сакавіка ён даручыў на месяц запусціць на мытні зялёны калідор для тавараў першай неабходнасці. Як паведамілі ў МЗС Беларусі, ведамства зараз вывучае гэтую інфармацыю. Пазней з'явяцца растлумачэнні для грамадзян у сувязі з новымі мерамі. Раней часовыя абмежаванні на ўезд увялі іншыя суседнія з Беларуссю краіны. Гэта Украіна, Польшча, Латвія і Літва. 

Тым часам медыкі ў Ганконгу пачалі клінічныя выпрабаванні эксперыментальнага прэпарата "Рэмдэсівір", які лічыцца патэнцыяльна эфектыўным у барацьбе з каранавірусам. А ў ЗША тэставую дозу сёння атрымае першы ўдзельнік клінічных выпрабаванняў вакцыны ад COVID-19.