Рэспубліканскі сімуляцыйны цэнтр адкрыецца на базе БелМАПА

11 апреля 2021

У Беларусі працягваецца будаўніцтва рэспубліканскага сімуляцыйнага цэнтра для павышэння кваліфікацыі медыцынскіх работнікаў. Гэта новы віток у развіцці айчыннай аховы здароўя. Адточваць свае навыкі і ўдасканальваць майстэрства медыкі будуць на спецыяльных манекенах.

Дзе і калі адкрыецца новы цэнтр, ведае Святлана Чарнова.

Новы рэспубліканскі сімуляцыйны цэнтр адкрыецца ў сталіцы на базе Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Зараз тут ідзе будаўніцтва. Новы корпус прадугледжаны для перападрыхтоўкі навучання медыкаў, у тым ліку высокатэхналагічным і суперсучасным тэхналогіям аказання дапамогі пацыентам.

Пляцоўку пад будаўніцтва новага корпуса выбралі яшчэ 4 гады таму. Сімуляцыйны цэнтр, дзе медыкі таксама будуць праходзіць атэстацыю на адпаведнасць занятай пасадзе, абяцае стаць адным з самых маштабных у Еўропе. Як правіла, пад такія цэнтры аддаюць частку клінікі. У нас жа ўзводзяць асобны будынак.

У сімуляцыйным цэнтры размесцяцца 8 віртуальных клінік

Па сутнасці, гэта віртуальныя клінікі. Іх 8, у тым ліку і аддзяленне хірургіі, стаматалогіі, эндаскапіі, УГД-кабінет, раддом. Шліфаваць сваё майстэрства і практыкаваць навыкі аказання медыцынскай дапамогі ўрачы будуць непасрэдна на манекенах або робатах-сімулятарах. Разумныя машыны і падкажуць, ці правільна праведзена маніпуляцыя.

Сімуляцыйны цэнтр пачне працаваць у лютым 2022 года

Рэспубліканскі сімуляцыйны цэнтр пачне працаваць у лютым наступнага года. Такія карпусы для адточвання навыкаў пачнуць адкрывацца і ў медуніверсітэтах краіны. Усё ў рамках праграмы мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя. У цэлым у найбліжэйшую пяцігодку будзе пабудавана 8 паліклінік, 11 абласных клінічных бальніц. Плануецца стварыць 12 міжрэгіянальных цэнтраў аказання спецыялізаванай медыцынскай дапамогі і абсталяваць бальніцы сучасным дыягнастычным абсталяваннем: МРТ, КТ, ангіёграфамі.