П'яныя вадзіцелі працягваюць трымаць у напружанні пешаходаў і іншых вадзіцеляў

5 сентября 2013

24 загінуўшых і сотні пацярпелых - страшныя лічбы. А яшчэ больш страшна становіцца ад таго, што п'яныя вадзіцелі працягваюць трымаць у напружанні пешаходаў і іншых вадзіцеляў, нават не зважаючы на будучыя змяненні ў правілах дарожнага руху. Напярэдадні ў Мінску быў затрыманы мужчына, які ўжо два разы пападаўся дарожнай міліцыі за кіраванне ў нецвярозым выглядзе. Пазбаўленне вадзіцельскіх правоў і штраф памерам 30 мільёнаў рублёў аказаліся недастатковым стымулам для маладога чалавека, каб больш ніколі не садзіцца за руль п'яным. Зараз яму пагражае пакаранне да двух гадоў пазбаўлення волі. Пра іншыя меры, якія з наступнага месяца канчаткова павінны будуць накласці табу на п'янае кіраванне, раскажа Юрый Шаўчук.


Гэты малады чалавек ужо не ўпершыню пападаецца за кіраванне ў нецвярозым выглядзе. Раней ён ужо заплаціў два штрафы на агульную суму больш чым 30 мільёнаў рублёў. Але на гэты раз, апраўдваецца затрыманы, усё было па-іншаму. Сесці за руль п'яным яго вымусілі акалічнасці. У тую ноч ён прапусціў усяго некалькі чарак спіртнога, ехаць нікуды не збіраўся. Аднак прыйшлося.


З'ехаць далёка п'янаму вадзіцелю не ўдалося, літаральна на першым жа скрыжаванні яго затрымала дарожная міліцыя. Маладому чалавеку за гэтую начную паездку прыйдзецца заплаціць чарговы штраф. Тэрмін за паўторнае кіраванне ў нецвярозым выглядзе следчыя таксама не выключаюць.



Такі выпадак вельмі добра характарызуе аматара пракаціцца падшафэ. Пасля чарговага штрафу чалавек, здавалася б, і задумаўся і раскаяўся. Але толькі надарыцца выпадак - і ён зноў садзіцца п'яным за руль. У будучыні такое не паўторыцца, бо ўжо пасля двух штрафаў на працягу года за кіраванне ў нецвярозым выглядзе чалавеку не будзе на чым ездзіць - у яго канфіскуюць аўто.



Дарэчы, адказнасць за кіраванне ў нецвярозым выглядзе з наступнага месяца стане больш жорсткай і для тых вадзіцеляў, якія пападуцца ўпершыню.



Паводле новых правілаў, у залежнасці ад акалічнасцяў упершыню затрыманаму п'янаму вадзіцелю можа быць выпісаны штраф да 10 мільёнаў рублёў. Калі ж чалавек на працягу года пападзецца чарговы раз, штраф можа быць і зусім астранамічным.


Толькі з пачатку года пад коламі п'яных вадзіцеляў у Беларусі загінулі 24 чалавекі. А ў сярэднім інспектары ДАІ за дзень затрымліваюць да 15 нецвярозых парушальнікаў. Ці дапамогуць вялізныя штрафы і канфіскацыя аўтамабіля паменшыць гэтую сумную статыстыку, стане вядома ўжо зусім хутка. У юрыдычную сілу папраўкі ў закон уступяць з 1 кастрычніка.