Прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі практычна ў кожнай намінацыі Тэлевяршыні-2014

15 апреля 2014
Якім будзе Беларускае тэлебачанне праз сто гадоў, пакажа конкурс Тэлевяршыня. Будучыню змадэлююць на цырымоніі ўзнагароджання падчас юбілейнага, дзясятага тэлемедыйнага конкурсу. Сенсацыйную заяву сёння зрабілі яго арганізатары. Інтрыга вырашыцца ўжо праз два дні на сцэне ў Палацы Рэспублікі. Паводле задумкі сцэнарыстаў, шоу будзе з элементамі калянавуковай фантастыкі.


Ужо вядомы склад вядучых, на гэты раз іх будзе не як звычайна шэсць, а значна больш. Упершыню гаспадарамі цырымоніі стануць і прадстаўнікі рэгіянальных тэлестудый. Сёлета пакарыць тэлеалімп спрабавала 238 ахвотнікаў, з іх журы выбрала ўсяго 76 рэальных прэтэндэнтаў на статуэтку. Тэлевізіёншчыкі пазмагаюцца ў 25 намінацыях.

Уладзімір Ядранцаў, начальнік упраўлення электронных СМІ Міністэрства інфармацыі Беларусі: На кожную намінацыю ў нас прыходзіла не менш за дзесяць работ, яркіх работ. Усе нашы нацыянальныя каналы прадстаўленыя годна. Павінен сказаць, што вельмі сур'ёзна ў нас сёння працуе рэгіянальнае тэлебачанне, у іх вельмі шмат добрых, яркіх і прыгожых праграм.

Нагадаем, летась Тэлевяршыня пакаралася галоўнаму медыяхолдынгу краіны 10 разоў. У скарбонцы Белтэлерадыёкампаніі і самая галоўная статуэтка - Гран-пры за праект Лёс гігантаў. Дарэчы, новы сезон праекта Лёс гігантаў - 2 сёлета таксама ўступіць у бой за ўзнагароду, як і яшчэ адзін дакументальны цыкл - Сімвал Перамогі. У цэлым жа сваіх прэтэндэнтаў на Тэлевяршыню-2014 галоўны медыяхолдынг краіны прадставіў практычна ў кожнай намінацыі.