План стварэння агульнай інфармацыйнай прасторы Беларусі і Расіі вызначыць сумесную стратэгію

11 мая 2016

План стварэння агульнай інфармацыйнай прасторы Беларусі і Расіі плануецца падпісаць на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, якое пройдзе заўтра. Пра гэта стала вядома сёння ў Мінску падчас семінара пры парламенцкім сходзе саюза дзвюх краін. У гэтыя дні эксперты абмяркуюць прававое рэгуляванне, бяспеку медыяпрасторы. Асноўны дакумент вызначыць сумесную інфармацыйную стратэгію, а таксама пэўныя медыяпраекты Саюзнай дзяржавы на наступныя 5 гадоў. Аўтары - Міністэрства інфармацыі Беларусі, а таксама спецыялісты Міністэрства сувязі і масавых камунікацый Расіі. Сярод прапаноў - прыцягваць моладзевыя інфармрэсурсы і больш супрацоўнічаць з мясцовымі выданнямі.

Сяргей Бяспалы, член камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па інфармацыйнай палітыцы: "Роля рэгіянальных СМІ можа выявіцца больш актыўна, больш дзейсна і больш глыбока. Я скажу, што ў нас на Гомельшчыне шматлікія раённыя газеты маюць даволі цесныя кантакты з расійскімі раённымі і абласнымі газетамі. Абменьваюцца матэрыяламі, абменьваюцца палосамі, спецвыпускамі".

Руслан Абрамаў, загадчык кафедры Расійскага эканамічнага ўніверсітэта імя Г.В.Пляханава: "Утварыўся нейкі вакуум, які не запоўнены. І гэты вакуум запаўняецца не тым, што трэба, і адлюстроўваецца на сучаснай моладзі. Мне падаецца гэта важным, на што СМІ павінна звяртаць увагу".

Семінар падоўжыцца два дні. Удзельнікі закрануць і пытанне арганізацыі фестывалю рэгіянальных тэлекампаній дзвюх краін. Плануецца, што ён стане часткай праграмы Трэцяга форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе ў Мінску ў наступным месяцы.