Пешаходная вуліца Магілёва ператварылася ў канцэртную пляцоўку

3 июля 2016

У Магілёве афіцыйная праграма ўрачыстасцяў у гонар Дня Незалежнасці пачалася з ускладання кветак на Буйніцкім полі, дзе ў 1941-м Чырвоная армія спыніла ворага на доўгія 23 дні.

Былі адбітыя больш за 30 нямецкіх атак і спаленыя звыш 150 танкаў праціўніка. Самаадданы подзвіг чырвонаармейцаў і жыхароў Магілёва сёння ўшанавалі хвілінай маўчання. Асаблівым упрыгажэннем дня стаў удзел у мітынгу ўдзельнікаў вызвалення Магілёва.

Пасля афіцыйных урачыстасцяў пешаходная вуліца Магілёва ператварылася ў адну суцэльную канцэртную пляцоўку з рыцарскімі турнірамі, сярэднявечнымі танцамі і нацыянальнымі беларускімі пачастункамі. А ўвечары на галоўным стадыёне абласнога цэнтра выступяць Алена Ваенга і Іосіф Кабзон.