Першыя паводкі паведамляюць беларусам пра заканчэнне зімы

6 марта 2014

Вясна ідзе, вадзе дарогу! Першыя паводкі паведамляюць беларусам пра заканчэнне зімы. Гомельская вобласць пад асаблівым кантролем: вялікая вада тут ужо нагадала пра сябе. Але пакуль без глабальных наступстваў. У спісе пацярпелых - толькі частка дарожнага палатна ў Петрыкаўскім раёне. Узровень вады ў рэках расце. Але чакаць вялікіх клопатаў ад сезоннага ўздыму не варта - так сцвярджаюць метэаролагі. Вольга Халадовіч вырашыла прагнозы сіноптыкаў і гатоўнасць мясцовых жыхароў праверыць асабіста.


Прыпяць плюс вясна роўна паводцы. Гэтую формулу палешукі ведаюць не па чутках. І рыхтуюцца загадзя.


Лодка ў перыяд прыходу вялікай вады - асноўны від транспарту. На ўзбярэжнай вуліцы плаўсродак ёсць у кожным двары. Хоць да паводкі ў мясцовых жыхароў стаўленне філасофскае. За столькі гадоў змаглі пасябраваць з вялікай вадой.


А гэта ўжо даччыны філіял Прыпяці - Пціч. Сёлета яна паказала характар нават раней за асноўную палескую артэрыю. Размыла ўчастак дарогі.


Сезон гумавых ботаў на Палессе адкрыты. Вясной тут гэта самы папулярны від абутку. Вялікая вада на падыходзе, а дождж і плюсавая тэмпература дапамагаюць рэкам заявіць пра сябе.


Пакуль начныя замаразкі стрымліваюць Прыпяць. Хоць рака цалкам вызвалілася ад лёду. Таму і магчымасць паводкі вельмі рэальная. Характар Прыпяці добра вядомы. Летась яна прарвала дамбу і адрэзала ад вялікай зямлі некалькі вёсак.


Ратавальнікі мінулай вясной іспыт на трываласць здалі на выдатна. Але гэта не падстава расслабляцца.


Пакуль на абалону выйшлі толькі дзве ракі Гомельскай вобласці. Днепр і Прыпяць. Сутачныя ваганні ўзроўняў вады ў іх ад аднаго да чатырнаццаці сантыметраў. Пры такіх умовах, паводле прагнозаў сіноптыкаў, сур'ёзных падтапленняў быць не павінна. Хоць у прыроды могуць быць цалкам іншыя планы на вясну.