Пенсіянер з Кобрына пакарыў інтэрнэт.

20 июля 2019

Валерый Мішчук станцаваў на лёдзе і яго знялі на камеру відавочцы. За два дні відэа набрала 100 тысяч праглядаў. Фігурным катаннем  мужчына займаецца практычна кожны дзень, нягледзячы на сталы ўзрост. Разам з ім на арэну выйшла і наш карэспандэнт Марыя Тройніч

Гэты ролік у інтэрнэце паглядзела больш за 400 тысяч чалавек. Пенсіянер так захоплена танцаваў на лёдзе, што нават не заўважыў, як яго здымаюць на камеру відавочцы. Ужо на наступны дзень ён стаў зоркай сацыяльных сетак.

У родным Кобрыне Валерыя Мішчука ведае кожны супрацоўнік лядовай арэны, бо ён ходзіць сюды катацца практычна кожны дзень ужо восем гадоў. Тут ён  самы старэйшы наведвальнік. Зрабіць на лёдзе ластаўку 69-гадовы пенсіянер можа так сама лёгка, як падлетак. Сваім прыкладам ён натхняе і дарослых, і маленькіх спартсменаў.

Імправізаваныя танцы на лёдзе Валерый прыдумляе прама на хаду. Кажа, галоўнае - гэта настрой і музыка.

Верыцца з цяжкасцю, але фігурным катаннем пенсіянер пачаў займацца ўсяго восем гадоў таму, ужо ў сталым узросце. Кажа, летам на арэну прыходзіць крыху радзей: трэба працаваць на дачы.

Звычайна чым старэйшы, тым больш цяжка стаць на канькі. Таму вучыцца катацца лепш за ўсё ў дзіцячым узросце. Зрэшты, для таго, хто хоча, няма нічога немагчымага. Пры жаданні можна асвоіць нават складаныя элементы. 

Акрамя юных фігурыстаў і хакеістаў на лядовую арэну Кобрына прыязджаюць займацца і спартсмены-аматары з Масквы. 

Па словах фігурыста-пенсіянера, актыўныя трэніроўкі яго не стамляюць. Наадварот  толькі дадаюць энергіі.

На наступным тыдні Валерый Мішчук адзначыць 70-гадовы юбілей. Кажа, большасць яго  равеснікаў у гэтым узросце займацца спортам ужо не выгнаць. Але для сябе ён вырашыў: пакуль здароўе і сілы дазваляюць, трэба браць ад жыцця ўсё.