Адкрыццё другой чаргі мемарыяльнага комплексу "Трасцянец". У мітынгу-рэквіеме прымуць удзел прэзідэнты Беларусі, Аўстрыі і Германіі

29 июня 2018

Важная падзея, якая павінна нагадаць пра трагічныя старонкі гісторыі краіны. Сёння ў межах Мінска, ва ўрочышчы Благаўшчына - месцы масавага знішчэння людзей фашыстамі - адбудзецца цырымонія ўрачыстага адкрыцця помніка другой чаргі мемарыяла "Трасцянец", які з'яўляецца вынікам шматгадовай працы археолагаў, архітэктараў, будаўнікоў, а таксама дэманстрацыяй прадуманай дзяржаўнай палітыкі па захаванні нашай гісторыі і ўвекавечанні яе знакавых старонак. На тэрыторыі былога лагера смерці адбудзецца мітынг-рэквіем, прысвечаны памяці ахвяр нацызму.

У ім прыме ўдзел Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Плануецца, што разам з беларускім лідарам на пляцоўцы маштабнага мемарыяльнага комплексу будуць і яго калегі - прыбываюць дэлегацыі з Германіі і Аўстрыі на чале з прэзідэнтамі гэтых краін Франкам-Вальтарам Штайнмаерам і Аляксандрам ван дэр Беленам. З аўстрыйскага боку мітынг-рэквіем наведае экс-прэзідэнт Аўстрыі Хайнц Фішэр. Госці змогуць убачыць больш поўную карціну мемарыяла - гатовая другая чарга комплексу. На цырымоніі будуць прысутнічаць і шматлікія іншыя замежныя госці: прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый з Аўстрыі, Германіі, Ізраіля, Польшчы, Чэхіі. Сярод іх дзяржсакратар канцылярыі прэзідэнта Польшчы Кшыштаф Шчэрскі, намеснік старшыні Палаты дэпутатаў парламента Чэхіі Войцех Філіп. Сусветны яўрэйскі кангрэс будзе прадстаўляць намеснік галоўнага выканаўчага дырэктара па пытаннях дыпламатыі Марам Штэрн. Чакаюцца таксама асобныя сустрэчы Кіраўніка беларускай дзяржавы з прэзідэнтамі Аўстрыі і Германіі. Гэта магчымасць для лідараў краін абмеркаваць не толькі пытанні сумеснага ўвекавечання памяці ахвяр нацызму, але і двухбаковае супрацоўніцтва, а таксама перспектывы развіцця шматбаковага ўзаемадзеяння ў рэгіёне.