Арфаграфічная камісія правядзе работу над памылкамі пры дзяржаўных арганізацыях

29 января 2014

Ідэя стварэння такой структуры ў навукоўцаў наспела даўно. Не толькі для развіцця роднай мовы, але і для таго, каб фармуляваць правілы для новых слоў, якія з кожным годам усё больш і больш укараняюцца ў паўсядзённы лексікон беларусаў. Зараз мова перажывае актыўны перыяд. Падрыхтоўчы этап прайшоў, і новая рэдакцыя правіл арфаграфіі і пунктуацыі ўступіла ў поўную сілу.


Як вучаць беларускай мове, чаму рэкламісты робяць стаўку на родную мову - у сюжэце Юліі Чаргінец.


Стронга, дзеруны, збіцень… Словы, якія выклікалі апетыт яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Старажытныя стравы сёння не толькі выконваюць сваю прамую функцыю, але і далучаюць да лінгвістычных тонкасцяў. Праз такі гісторыка-моўны прысмак рэстаратары вучаць сваіх жа наведвальнікаў.


За апошнія гады меню кавярняў імкліва набывае беларускі варыянт. Пераклад - пажаданне саміх кліентаў і стратэгічны план прадпрымальнікаў. Разлічваюць на статыстычныя звесткі піяршчыкаў, па якіх родная мова выклікае давер у патэнцыяльных пакупнікоў і з'яўляецца больш пазнавальнай сярод рэкламных білбордаў. Разам з меню перакладаюць шыльды з назвамі арганізацыі, раскладам працы, бейджы для персаналу.


Віктар Іўчанкаў, загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта: Сёння беларуская мова карыстаецца попытам сярод моладзі, з'яўляюцца новыя словы, асабліва калі гаварыць пра маладзёжны слэнг. Іх, канешне, трэба падпарадкоўваць. Каб такая сістэмная праца вялася, трэба каб была арфаграфічная камісія.


Беларуская мова перажыла адзіную і апошнюю рэформу - у 1933-м. Усе папярэднія і наступныя гады толькі карэктывы, апошнія ўдакладненні навукоўцы ўнеслі ў 2010-м. Змяненні тычацца менавіта запазычанасцяў і выключэнняў. Магчымасці для вывучэння роднай мовы адкрытыя, гэта адзначыў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх СМІ. У многім менавіта карэспандэнты з друкаваных выданняў, тэлебачання, радыё і фарміруюць густы грамадства.


Але з кожным годам да мовы дадаюцца новыя словы - іншамоўныя, са слэнгаў. Каб адсочваць працэс новаўтварэнняў, навукоўцы прапануюць стварыць арфаграфічную камісію. У яе склад увойдуць мовазнаўцы, пісьменнікі, выкладчыкі.


Віктар Іўчанкаў, загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта: З 2010 года дзейнічае закон аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Назіранне за моўнымі працэсамі магла б узяць на сябе арфаграфічная камісія.


Арфаграфічная камісія ці моўны савет будзе вырашаць спрэчныя пытанні ў выкарыстанні не толькі беларускай мовы. Паколькі ў краіне існуе білінгвізм, навукоўцы да разгляду прымуць і праблемныя моманты рускай мовы.