На "Славянскім базары ў Віцебску" прагучалі фінальныя фанфары

16 июля 2019
Цырымонія закрыцця прайшла ў Летнім амфітэатры напярэдадні. Там жа і аб'явілі імя трыумфатара міжнароднага конкурсу выканаўцаў - Гран-пры з'язджае ў Казахстан. Першыя эмоцыі пераможца і закуліссе цырымоніі закрыцця - у рэпартажы Лідзіі Заблоцкай. 

Развітваліся з 28-м "Славянскім базарам" прэм'ерамі і нечаканымі вакальнымі калабарацыямі. Трэк-ліст не даваў раслабіцца. Увечары на галоўнай музычнай пляцоўцы Віцебска гучаў і шансон, і танцавальныя біты, і трэкі 90-ых.

Успомнілі і II Еўрапейскія гульні. Такі камбэк - праз групу "Лайтсаўнд" і выступленне Вольгі Бузавай.

Усяго ў канцэрце больш як 3 дзясяткі папулярных выканаўцаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Швецыі і Італіі. Хэдлайнер вечара - Сафія Ратару. Народная артыстка СССР доўга не вярталася ў Віцебск. Затое зараз - не з пустымі рукамі. Спецыяльна Ратару напісала новы хіт.

Музычныя сюрпрызы выканаўцы рыхтавалі і сумесна. Так, Руслан Аляхно і Аляксандра Гайдук таксама парадавалі публіку прэм'ерай. А Іна Афанасьева праспявала разам з Сасо Паўліяшвілі.

Галоўную інтрыгу - імёны лаўрэатаў конкурсу выканаўцаў эстраднай песні - аб'явілі за некалькі гадзін да цырымоніі. І калі спіс фаварытаў быў відавочным, то размеркаванне месцаў заставалася пад пытаннем. Так, у выніковай табліцы адразу шэсць краін. Трэцюю прэмію падзялілі прадстаўнікі Расіі і Украіны. На другім месцы - Беларусь і Ізраіль. 

Першая бронзавая "Ліра" з'язджае ў Грузію. А пераможца "Славянскага базару" - казах Адыльхан Макін. Галоўную ўзнагароду ён атрымаў з рук народнай артысткі Расіі і Грузіі Тамары Гвердцытэлі на цырымоніі закрыцця. Трыумфатару дастаўся і спецпрыз Прэзідэнта Беларусі "Славянская надзея". Яе ўручыў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка.

І хай фінальныя фанфары ўжо прагучалі, развітвацца са "Славянскім базарам" пакуль рана. Наперадзе ў Віцебска яшчэ крыху музычнага нон-стопа.

Усяго за 8 дзён Летні амфітэатр аб'яднаў 42 краіны. "Славянскаму базару" няма межаў. І дзякуючы кожнаму артысту тут была максімальная канцэнтрацыя творчасці і шчырасці. Днём і ўначы. На рэпетыцыях і канцэртах. Яны даказалі, што мастацтва аб'ядноўвае. І гэта па-за палітыкай.