Абласны конкурс "Лепшы вадзіцель школьнага аўтобуса" праходзіць у Лагойску

25 августа 2021

Шлях да ведаў павінен быць бяспечным. Лепшага вадзіцеля школьнага аўтобуса выбралі сёння ў Мінскай вобласці. Фінальны этап прымаў Лагойск. Каля двух дзясяткаў удзельнікаў спаборнічалі не на хуткасць, але на спрыт. За спаборніцтвамі назірала і Таццяна Бажко.

Больш за сотню кіламетраў за дзень, а ў салоне - самыя каштоўныя пасажыры - дзеці. Алена Карабейка за рулём школьнага аўтобуса працуе ўжо 7 гадоў. На абласным конкурсе прафмайстэрства прадстаўляе Уздзенскі раён. Для яе юных пасажыраў бяспечнае падарожжа на ўрокі пачынаецца ва ўтульным салоне. Знайсці з імі паразуменне дапамагае вялікі педагагічны вопыт.

А зараз наперадзе - шлях да перамогі. Фінал абласнога конкурсу "Лепшы вадзіцель школьнага аўтобуса" сабраў у Лагойску больш за два дзясяткі пераможцаў на раённых этапах. У тэарэтычнай і практычнай частках ім было ў чым паспаборнічаць.

Гэтыя манёўры ўдзельнікі конкурсу выконваюць кожны дзень на рабоце, але падчас спаборніцтваў - асобыя ўмовы. На выкананне заданняў у абмежаванай прасторы даецца толькі адна спроба. Сярод самых адказных выпрабаванняў - змейка.

І хуткасць тут - не галоўнае. Дасканала ведаць правілы дарожнага руху павінен кожны яго ўдзельнік. А да вадзіцеля школьнага аўтобуса патрабаванні асабліва строгія.

А гэта тэарэтычная частка, дзе праходзіць тэсціраванне на камп'ютарах. Побач ідзе іспыт па правільнай эвакуацыі юных пасажыраў падчас небяспечных сітуацый на дарозе.

У Мінскай вобласці каля васьмі соцень маршрутаў, па якіх курсіруюць 264 школьныя аўтобусы. Каб стаць яго вадзіцелем, трэба мець тры гады бесперапыннага стажу ваджэння. Падчас якога не павінна быць ні аднаго парушэння ПДР.

Пераможцам уручылі карысныя ўзнагароды. Аўтахаладзільнік, відэарэгістратар, камплекты для праходжання тэхагляду. Першае месца заваявала ўдзельніца з Уздзенскага раёна, другое і трэцяе - вадзіцелі з Чэрвеньскага і Дзяржынскага.