Новая тэхніка на ўзбраенні віцебскіх дэсантнікаў

24 июля 2018

Сёння ў 103-ю мабільную паветрана-дэсантную брыгаду паступілі сучасныя ўзоры ваенных машын і ўзбраення. У іх ліку - паўаўтаматычныя мінамёты "Нона М1" з далёкасцю стральбы да 9 кіламетраў. Мінамёт буксіруе аўтамабіль айчыннай вытворчасці, здольны па бездаражы развіваць хуткасць да 40 кіламетраў за гадзіну. Яшчэ адна навінка беларускіх канструктараў, перададзеная сёння дэсантнікам, - бронетранспарцёр БТР-70-МБ-1. Мадэрнізацыя дадала машыне баявой моцы і манеўранасці.

Сяргей Сіманенка, намміністра абароны - начальнік узбраення Узброеных сіл Беларусі:

"Штогод беларуская армія атрымлівае каля 100 адзінак баявой тэхнікі. Абсталяванне УС здзяйсняецца па трох кірунках. Першы: мадэрнізацыя наяўных узораў узбраення на прадпрыемствах прамысловасці. Другі кірунак - гэта закупка ўзбраення і тэхнікі ў прадпрыемстваў прамысловасці РБ. Трэці кірунак: у рамках ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва закупка ў прадпрыемстваў прамысловасці РФ".

Новыя ўзоры ўзбраення дазволяць павысіць агнявую моц і мабільнасць падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл Беларусі.